Антыўрадавыя пратэсты ў Сербіі: дэманстранты ўварваліся ў парламент


У Сербіі грамадзяне выйшлі на вуліцы, патрабуючы адстаўкі прэзідэнта краіны. Мірныя акцыі распачаліся напачатку тыдня на знак пратэсту супраць уведзенай у Бялградзе каменданцкай гадзіны, аднак неўзабаве перараслі ў антыўрадавыя выступы.

Слезацечны газ і гумовыя дручкі паліцыі ў адказ на камяні ды бутэлькі дэманстрантаў. Пратэсты ў Сербіі супраць палітыкі прэзідэнта, скіраванай на барацьбу з распаўсюдам каронавіруса, не суцішваюцца ўжо некалькі дзён. Напярэдадні вечарам у Бялградзе група пратэстоўцаў прарвалася ў будынак парламенту.

«Калі з’явіліся правыя групы, я сышоў. Раней я хадзіў амаль на кожны пратэст, мне спадабаўся пратэст, які адбыўся два дні таму, калі студэнты і моладзь сядзелі на вуліцы», – распавядае жыхар Бялграду Драгіша Камадыніч.

«Самае страшнае, што гэтыя пратэсты падтрымліваюцца тымі, хто разбурыў нашу краіну», – кажа жыхар Бялграду Нэбайша Міюшкавіч.

Некаторыя лідары апазіцыі заявілі, што гвалт быў справаю рук ультраправых нацыяналістычных дэманстрантаў, кантраляваных урадам, – з мэтаю дыскрэдытацыі мірных выступаў. Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч у арганізацыі пратэстаў абвінавачвае сваіх палітычных апанентаў.

«Мы не будзем чапаць нікога, хто мірна сядзіць і пратэстуе. Людзі, якія не дзейнічаюць супраць дзяржаўных інстытутаў, не пацярпяць. (…) Мы будзем рэагаваць толькі на хуліганаў, на тых, каго яны (апазіцыя) туды прывялі, спадзеючыся захапіць уладу», – гаворыць Вучыч.

Дэманстрацыі разгарэліся ў аўторак, пасля абвяшчэння ўладамі каменданцкай гадзіны ў Бялградзе на выходныя ў сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі. Пратэстоўцы патрабавалі адстаўкі прэзідэнта краіны Александра Вучыча. Той перагледзеў рашэнне: замест каменданцкай гадзіны ўвялі забарону збірацца групамі больш за 10 чалавек. Аднак акцыі пратэсту не сціхлі.

Каранцінныя захады, якія ў гэтай краіне былі ці не самымі жорсткімі ў Еўропе, адмянілі на пачатку чэрвеня дзеля правядзення парламенцкіх выбараў, на якіх упэўнена перамагла прэзідэнцкая партыя. Праз некалькі тыдняў лік новых выпадкаў інфікавання пачаў расці. У Сербіі, краіне з насельніцтвам 7 мільёнаў, каронавірус выявілі амаль у 18 тысячаў чалавек, 370 хворых на COVID-19 памерлі.

Анастасія Русецкая belsat.eu