Анархістам скарацілі тэрміны зняволення


З сямі гадоў кожнаму – да чатырох гадоў Мікіту Емяльянаву і трох з паловай Івану Комару. Калегія менскага гарадскога суда нечакана зменшыла прысуд актывістам анархісцкага руху, разгледзеўшы іхныя касацыйныя скаргі на рашэнне суда Савецкага раёну Менску.

«Цікавы момант у тым, што ўсе пытанні, якія былі паднятыя ў апеляцыйнай скарзе, засталіся без адказу. Яны проста адрэзалі тэрмін хлопцам, але не змянілі ніякіх артыкулаў, нічога не змянілі», – адзначае актывістка анархісцкага руху Марына Касінерава.

Мікіту Емяльянава ды Івана Комара асудзілі за інцыдэнты, якія адбыліся мінулаю восенню. Падчас працэсу Емяльянаў прызнаў, што кідаў лямпачку з фарбай у будынак Менгарсуда і кактэйль Молатава ў дзверы ізалятару на вуліцы Валадарскага. Абвінавачаны заявіў, што мэтай акцыяў было прыцягнуць увагу да праблемы палітвязняў у Беларусі. Іван Комар актыўны ўдзел у акцыях адмаўляў, але прызнаў, што быў непадалёк. Заяўляў пра ціск з боку праваахоўнікаў.

«Хлопцы зрабілі штосьці, дзе няма ні пацярпелых, ні ахвяраў. І за гэта даваць узмоцнены рэжым, забіраць гады жыцця, з катаваннямі выбіваць нейкія паказанні, абмяжоўваць у ліставанні і гэтак далей, што яны ўвесь час цярпяць, – гэта цемрашальства», – падкрэслівае актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.

Актывістаў прызналі вінаватымі ў апаганьванні збудаванняў, псаванні маёмасці ды наўмысным пашкоджанні гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Шкоду, нанесеную будынку следчага ізалятару, ацанілі на 1 рубель 48 капеек, будынку Менскага гарадскога суда – на 143 рублі 22 капейкі. Праваабаронцы прызналі Мікіту Емяльянава ды Івана Комара палітзняволенымі.

«Калі атрымаем азначэнне па разглядзе скаргаў, тады будзе бачна, як суд адказаў на аргументы абароны. І, я думаю, варта далей абскарджваць. Нягледзячы на тое, што тэрмін паменшаны, ён усё роўна непрапарцыйна вялікі», – кажа праваабаронца Алег Пашкевіч.

Паплечнікі лічаць, што змяншэннем тэрміну пакарання ўлады спрабуюць знізіць градус напружанасці ў грамадстве.

«За хлапцоў шмат хто заступаецца, шмат хто кажа, што гэта несправядлівы вырак. І таму ў вачах грамадства, магчыма, яны спрабуюць знізіць салідарнасць з хлапцамі. Каб усе былі задаволеныя, што, маўляў, тры гады – гэта не сем», – мяркуе Марына Касінерава.

Мікіта Емяльянаў і Іван Комар адбываюць тэрмін у Жодзінскай турме. На гэтым тыдні стала вядома, што Емяльянава змяшчалі ў карцар.

«Мы бачым, як працуе рэзананс, як працуе ўвага медыяў, як працуе ўвага праваабаронцаў, як працуе падтрымка і салідарнасць таварышаў. Іх нават баяцца пакідаць у Менску, бо рэгулярна іх матэрыяльна падтрымліваюць, рэгулярна ліставанне ідзе, мы ведаем, што там адбываецца збольшага з разбежкай у 1–2 дні», – адзначае Вячаслаў Касінераў.

Паплечнікі плануюць працягваць акцыі салідарнасці ды змагацца за тое, каб тэрміны зняволення для актывістаў скасавалі цалкам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»