Аналітыкі: Хутчэй за ўсё беларуская эканоміка працягне падаць


Замест рэформаў і дыялогу з бізнесам – ураду больш да спадобы нафтагазавая іголка Крамля ды новыя крэдыты ад усходняга хаўрусніка. Гэтак некаторыя эксперты каментуюць чарговыя дамоўленасці Менску і Масквы. Учора Беларусь аддала доўг Расеі, сёння стала вядома пра запланаваную на наступны год 20-адсоткавую зніжку на расейскае «блакітнае паліва». А гэта прынясе каля $ 500 млн дадатковых грошай у бюджэт. Ці ўратуюць яны эканоміку – разбіраўся Станіслаў Івашкевіч.

Узяць грошы з рэзерваў і пакласці іх на месца, да 1-га траўня – дня наступнай публікацыі аб стане золатавалютнага запасу. Гэта, на думку адмыслоўцаў, найбольш верагоднае тлумачэнне таго, як афіцыйны Менск разлічыўся з запазычанасцю за расейскі газ.

$ 726 мільёнаў, якія Беларусь заплаціла за газ, гэта – траціна айчынных рэзерваў у замежнай валюце і 15 % ад усяго нацыянальнага запасу, уключна з золатам. Такое змяншэнне падушкі бяспекі магло б стаць пагрозай для валютнага рынку, але ўлады, на думку адмыслоўцаў, спадзяюцца папоўніць іх з крэдыту на $ 1 мільярд, які абяцае Расея.

«Можа быць так, што мы чакаем крэдыт ад Расеі, разлічыліся за кошт золатавалютных рэзерваў, да канца месяца атрымае грошы, і зноў папоўнім гэтыя рэзервы і ніхто нічога не заўважыць», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Праўда, нават у гэтым выпадку замену заўважыць бюджэт, які цяпер будзе несці большую нагрузку ў выплаце адсоткаў за крэдыты. А яны ўжо і так, на пачатак года, складалі 10 % ад усіх дзяржаўных даходаў. Але Масква пакуль гатовая пакрываць і гэтыя страты – коштам нарошчвання паставак нафты, да шасці мільёнаў тон на квартал. Аляксандр Лукашэнка пераказаў прапанову свайго расейскага калегі наступным чынам.

«Даць па 6 мільёнаў тон нафты, вы рээкспартуйце, а памер мыта, які ён там будзе, забірайце сабе», – сказаў Лукашэнка.

Агулам, падлічваюць аналітыкі, газавыя дамоўленасці адабʼюцца на айчыннай эканоміцы станоўча

«Гэта адабʼецца на росце ВУП, прынамсі, на паўадсотка. То бок, калі раней можна было чакаць зніжэння на адзін адсотак, то цяпер бачыцца зніжэнне на паўадсотка», – кажа старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Йосуб.

Але нафтагазавая дамова не вырашыць галоўных праблемаў

«Бо ніякага рэфармавання эканомікі няма. Расейскі рынак застаецца ў тым жа стане – галоўны наш рынак», – кажа Леў Марголін.

Адмыслоўцы адзначаюць – стратнасць дзяржаўных прадпрыемстваў і павелічэнне даўгавой нагрузкі на бюджэт будзе і надалей цягнуць эканоміку ўніз.

«Хутчэй за ўсё эканоміка працягне падаць. Працягнуць падаць ці, у найлепшым выпадку будуць стагнаваць рэальныя прыбыткі насельніцтва», – адзначае Вадзім Йосуб.

Узамен на паслабленні ў нафтагазавым пытанні, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, да сярэдзіны 2019 году, падпісаць дамову з Расеяй аб адзіным рынку электраэнергіі. На думку шэф-рэдактара эканамічнай газеты Леаніда Фрыдкіна, гэта пагражае вялікімі стратамі айчынным энергетыкам, якія адабюцца на насельніцтве.

Станіслаў Івашкевіч belsat.eu