Аб'ектыў 05.09.2018 Амаль 1000 рублёў штрафу заплацяць абаронцы Курапатаў


Удзень у Курапатах быў затрыманы лідар пратэстаў Павел Севярынец. А перад гэтым гарадскія суды Віцебску аштрафавалі мясцовых актывістак на 931 рубель за ўдзел у курапацкай вахце.

«Дэманстрацыйна стаяла каля брамы рэстарацыі з бел-чырвона-белым сцягам, чым перашкаджала праезду транспарту». Гэта вытрымка з пратаколу Таццяны Севярынец. Кабету пакаралі штрафам за варту ў Курапатах 8 жніўня. Таксама штрафы за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» для Ірыны Захаравай і Алены Янушкоўскай. Усе тры мусяць сплаціць штрафы на агульную суму ў 931 рубель.

«Апошняя фраза ў пратаколе – без складу злачынства. Тады я ўвогуле не разумею ў чым справа» – каментуе грамадская актывістка Таццяна Севярынец.

«Увогуле не разумею, як так можна, без мяне мяне ж судзіць. Як можна дасылаць паведамленні аб паседжанні напярэдадні, калі чалавек не ўстане знайсці ані адваката, ані праваабаронцу, нікога» – абураецца Алена Янушкоўская, грамадская актывістка.

Сёння ж у сталіцы прайшоў суд над яшчэ адною актывісткаю. Маю Навумаву суд Першамайскага раёну Менску прызнаў вінаватаю за варту 11 жніўня. На Навумаву склалі пратакол за аркушы з надпісам «Абудзіцеся – зачыніцеся», якія актывісты клеілі на агароджу рэстарану. Дзеліцца Мая Навумава:

«Хочацца прыцягнуць увагу грамадскасці… Падтрымліваюць хто як можа, нехта прынясе паесці, нехта пасігнале, нехта ў Інтэрнэце каментаром падтрымае».

Паралельна з судовымі працэсамі над праціўнікамі скандальнай установы разгарнулася дыскусія наконт будучыні ўсяго курапацкага комплексу, які ўвасабляе народную памяць пра сталінскія рэпрэсіі 30-40 гадоў мінулага стагоддзя.

«Чатыры нагі, як сімвал разбуранай капліцы, зверху перакрыжаванне з арнаментам – сімвал продкаў, ніжэй звон. І па апорах мы прапанавалі надпісы – словы «тата», «маці», «дачка», «сын» – распавядае скульптар Сяргей Аганаў.

Надпісы плануюць на 4 мовах, якія былі дзяржаўнымі да 38-га года. Але супраць праекту пераможцаў, які быў адобраны Мінкультам, рэзка выказаўся лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк. Паводле Пазняка, які ў 80-я адкрыў праўду пра ўрочышча ўсім беларусам, паставіць новы мемарыяльны знак у Курапатах цяпер – значыць пашкодзіць народны мемарыял. Зрэшты калі з’явіцца капліца – пакуль невядома.

Каментуе Марат Гаравы, ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў»:

«Адное з важных пытанняў – пытанне ахоўных зонаў, якія павінныя быць перагледжаныя такім чынам, каб больш ніколі не пераглядацца і не мяняцца. Бо яны зробленыя так, што з другога боку можна паставіць «Бульбаш хол» ці «Паедзем, паядзім».

Што зрабіць з ужо пабудаваным – адказаў пакуль няма. Уладальнікі «Поедем, поедим» ад перамоваў з грамадскімі актывістамі адмаўляюцца. Апошнія ў сваю чаргу цвердзяць, што будуць працягваць варту далей. Неразвязаным застаецца і прызнанне з боку дзяржавы факту генацыду беларусаў ды рэабілітацыі ахвяраў масавага тэрору.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: Белсат

Глядзі таксама
Каментары