Аляксандр Лукашэнка: Мэта падатковага манеўру Расеі – націснуць на Беларусь

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на заводзе ў Шклове, сарваўся на крык і распавёў, што Беларусь дамаўляецца на пастаўкі нафты са Злучаных Штатаў, Саудаўскай Аравіі ды Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Аднак ці не запозна шукаць альтэрнатывы?

Першае месца візіту Лукашэнкі на Шклоўшчыне – Завод газетнай паперы. Супраца з чэшскаю кампаніяй для прадпрыемства скончылася неразвязанаю дасюль судоваю справаю. Аднак замест крытыкі працаўнікі пачулі нечаканы заклік: бараніць інтарэсы Беларусі. І ня толькі ў працы з замежнікамі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«У нас ёсць свая краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Мы сваймі мазгамі і рукамі, што змаглі, зарабілі, будуем сваю краіну. І мы не можам быць часткай якой-небудзь краіны. Я не магу вам здрадзіць і рашчыніць Беларусь, хай нават у нашай брацкай Расеі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Зліквідаванне вывазнога падатковага мыта на нафту і замена падаткам на здабычу карысных выкапняў у Расеі азначае для Беларусі істотную страту прыбытку. З мэтаю націснуць на Беларусь – нафта паводле ўнутраных коштаў у абмен на інтэграцыю – Расея і ўвяла падатковы манеўр, заявіў Лукашэнка.

«Праз падатковы манеўр ёсць жаданне, ёсць намер кантраляваць аб’ёмы продажу экспарту нафты, з другога боку, зразумела, што гэта спроба ціску на Беларусь, спроба ціску на гандаль з Беларуссю і Украінай», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Але захады Расеі звязаныя таксама і з абаронай уласнага рынку. Нафтаперапрацоўчыя кампаніі гублялі прыбытак ад больш як 20 мільёнаў тон чорнага золата, якія штогод перапрацоўвала Беларусь.

«Кампаніям у прынцыпе ўсё роўна, куды плаціць, але цяпер унутраны кошт прыблізна зраўняецца ў эфектыўнасці з коштам экспарту, і кампаніі ахвотней будуць аддаваць сваю нафту на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы», – лічыць Міхаіл Круціхін, партнёр кансалтынгавага агенцтва «RusEnergy».

Страту беларускага партнёра Расея можа скампенсаваць продажам нафты праз недазагружаныя цяпер парты ў Новарасійску і Прыморску. У сваю чаргу, Беларусь цалкам дыверсіфікаваць рынак не здолее, мяркуе адмысловец.

«Купляць за сусветныя кошты гэтую нафту, яшчэ і транзітам, з перавалкай або ў Літве – Латвіі, або праз тэрыторыю Украіны, праз Чорнае мора, будзе нашмат даражэй, чымся калісьці атрымліваць з Расеі», – дадае Міхаіл Круціхін.

Страта беларускага пакупніка можа паўплываць на падаражэнне расейскай нафты «Urals» у дачыненні маркі «Брэнт». А таму канфлікт нявыгадны абодвум бакам.

Юлія Лабанава belsat.eu

Глядзі таксама