Аб'ектыў 15.10.2019 Аляксандр Класкоўскі: «Еўропа прыжмурвае вочы на беларускія перадвыбарчыя рэаліі»


Каб разглядзець парушэнні на айчынных выбарах, не патрэбныя адмысловыя захады. Вось і цяпер: асноўная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ толькі прыехала, а ўсе ўжо абмяркоўваюць масавае неўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчыя камісіі. Перад назіральнікамі стаіць заданне гэтыя з’явы зафіксаваць.

Сёння ў Менск прыбыла асноўная каманда місіі, якая складаецца з 11 экспертаў з розных краінаў-удзельніц АБСЕ – аналітыкаў у пытаннях выбараў, палітыкі, права і медыяў, а таксама тэхнічных і лагістычных адмыслоўцаў.

Карыэн Йонкер, кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЕ:

«Асноўная каманда будзе ў Менску: мы ўжо ўсталявалі часовы офіс, у якім будзем базавацца наступныя 6 тыдняў. У наступны панядзелак да нас далучацца яшчэ 30 доўгатэрміновых назіральнікаў».

Акрамя таго, БДІПЧ запросіць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ накіраваць для маніторынгу ў дзень выбараў 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць за некалькі дзён да выбараў. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Цяпер ідзе такі трэнд, што Еўропа, калі не зусім заплюшчвае вочы, то трошкі прыжмурвае вочы на беларускія рэаліі, таму што ёсць геапалітычныя інтарэсы, ёсць зацікаўленасць у тым, каб падтрымаць беларускую незалежнасць, хай сабе і пры цяперашняй уладзе. Таму я дапускаю, што пэўная мяккасць можа быць у назіраннях АБСЕ».

З аднаго боку, ЦВК дазволіла рабіць фотаздымкі на выбарчых участках. Але пасля такога разгулу дэмакратыі паставілі антырэкорд у колькасці прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях. Прыблізна чвэрць адсотка ад агульнай колькасці ва ўчастковых і 2,5 адсоткі – у акруговых. А старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што назіральнікам не будуць паказваць бюлетэняў. Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Тое, што пры фармаванні камісіяў назіралася дыскрымінацыя апазіцыі, я думаю, знойдзе адлюстраванне ў справаздачах міжнародных назіральнікаў. Разам з тым улады Беларусі настойліва рэкламуюць усялякія другарадныя навацыі, напрыклад, лупы для тых, хто кепска бачыць, пандусы для інвалідаў. Гэта трэба, але гэта не мусіць засланяць галоўнага».

Пакуль місія АБСЕ не хоча размаўляць ні пра галоўнае, ні пра другаснае. Маўляў, спачатку паназіраем – раптам гэтым разам выбары будуць адпавядаць міжнародным стандартам. Карыэн Йонкер, кіраўніца місіі БДІПЧ АБСЕ

«Мы толькі прыехалі ў краіну. І мы сапраўды прыбылі без нейкіх упярэджаных ідэяў. Нашае заданне – аб’ектыўна назіраць за рыхтаваннем да выбараў і выбарчым днём».

АБСЕ з 1996 года не прызнала вольнай і дэмакратычнай ні адну электаральную кампанію ў нашай краіне. Мінулым разам, калі ў Палату прадстаўнікоў прайшлі адразу дзве кандыдаткі не з шэрагаў лаяльных уладам структураў, заходнія назіральнікі пабачылі шэраг паляпшэнняў. Але гэтага не хапіла, каб назваць волевыяўленне сапраўды свабодным.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары