Алексіевіч супраць Пазняка. Каліноўскі раскалоў беларусаў


Постаць Кастуся Каліноўскага, якая заўсёды лучыла беларусаў, цяпер раз’ядноўвае. У інтэрнэце збіраюць подпісы як «за», гэтак і «супраць» перадачы парэшткаў Кастуся Каліноўскага з Літвы ў Беларусь.

Жарсці вакол Кастуся Каліноўскага не сціхаюць. Праз інтэрнэт збіраюць подпісы як дзеля падтрымання перапахавання парэшткаў кіраўніка паўстання 1863 года на беларускай зямлі, гэтак і супраць звароту – з просьбаю да літоўскіх уладаў правесці ўрачыстае пахаванне ў Вільні.

Катэгарычна супраць вяртання парэшткаў у Беларусь выступіў лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк:

«Гэта проста кашчунства, гэта знішчае сакральную памяць пра Каліноўскага і пра паўстанне. З якой такой нагоды трэба аднаго чалавека перанесці ў іншае месца, да якога ў сувязі з гісторыяй ён мае адноснае дачыненне? А сябры яго хто такія? Чым ён адрозніваецца? Яны яго не падтрымлівалі? Яны не былі за Беларусь таксама?»

Напярэдадні калектыўны зварот дзеячаў культуры з просьбаю перавезці ў Беларусь парэшткі Кастуся Каліноўскага перадалі літоўскім уладам. Першы подпіс пад зваротам належыць нобэлеўскай лаўрэатцы, пісьменніцы Святлане Алексіевіч:

«Нам патрэбныя нашыя героі ўдома, бо нам трэба фармаваць нацыю, ствараць, сплочваць нацыю, Нам патрэбны пантэон герояў, месца, куды беларус мог бы прыйсці і адчуць, што ён беларус».

Паводле інфармацыі Радыё Свабода, група літоўскіх парламентароў плануе ўласным зваротам да ўладаў Літвы падтрымаць прапанову пра перадачу парэшткаў Беларусі.

Улады Беларусі пра перапахаванне Каліноўскага дасюль не выказаліся. У сацсетках вядуцца спрэчкі пра тое, дзе менавіта ў Беларусі можа быць пахаваны Каліноўскі. А сярод мінакоў, апытаных намі на вуліцах Менску, прозвішча кіраўніка паўстанцаў найчасцей гучала ў пераліку герояў, вартых ушанавання помнікам:

«Каму ў Беларусі? Кастусю Каліноўскаму, напэўна».

«Ягоны ўнёсак у нашу гісторыю не сказаць каб каласальны, але досыць значны».

«Можа, Кастусю Каліноўскаму. Бо ён герой», – кажуць менчукі.

Парэшткі 21 паўстанца знайшлі ў Вільні пазалетась пасля апоўзню на гары Гедзіміна. Дзяржаўная камісія пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра краіны Саўлюса Сквярняліса плануе ўрачыстую цырымонію перапахавання ў цэнтральнай капліцы на віленскіх могілках Росы пры канцы лістапада. Цяпер вядзецца рэстаўрацыя капліцы.

Ірына Дарафейчук belsat.eu