Алег Алкаеў: Калі Гараўскі кажа праўду – сядзе. Але не ў Беларусі


Гэта была інфармацыйная бомба! У панядзелак на партале «Deutsche Welle» («Нямецкай хвалі») з’явілася прызнанне былога байца СОБР Юрыя Гараўскага. Ён распавёў падрабязнасці пакаранняў смерцю без суда і следства лідараў беларускай апазіцыі – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Прызнанні былога байца СОБР Юрыя Гараўскага аб саўдзеле ў выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага выклікалі рэакцыю былых калегаў па зброі.

«Гэта база ў Бягомлі, тут забілі, тут метраў 200 дарога, лес. Тут забілі Ганчара і Красоўскага, а тут, метрах у 50, была нарыхтаваная яма. Мы іх распранулі. Тут былі спалены рэчы, а абутак быў разам з імі кінуты ў яму», – указаў на месцы забойстваў Юрый Гараўскі, былы баец СОБР.

Як паказала вулічнае апытанне, беларусы прачыталі споведзь спецназаўца. Сваймі думкамі з намі падзяліліся жыхары і госці Менску:

«Ён называў месца, дзе гэта адбылося, у выпадку Ганчара, і патроны там згадваліся».

«Такія справы – у іх няма тэрміну даўнасці, у любым выпадку ўсплыве і стане вядома».

«Калі Лукашэнкі не стане, тады праўда і стане відавочнай, напэўна».

Гараўскі называе канкрэтныя прозвішчы ўдзельнікаў – байцоў СОБР: усяго 15 чалавек пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Змітра Паўлічэнкі.

«Сведчанні Гараўскага пацвердзілі паказанні Случака, Петрушкевіча і Алкаева пра спосаб выкрадання, аб матывах выкрадання і з якой мэтай быў ухілены Ганчар, Захаранка і Красоўскі», – пракаментаваў паказанні Алег Волчак, праваабаронца, «Прававая дапамога насельніцтву».

Гараўскі падрабязна распавядае, як у траўні 99-га собраўцы ў цывільным выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку, які сышоў у апазіцыю, у верасні – былога кіраўніка Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара і ягонага сябра, бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Паводле Гараўскага, вусны загад забіць Ганчара Паўлічэнка патлумачыў кампраматам пра фальсіфікацыю выбараў.

«Гэта рабіў Паўлічэнка. Ён націскаў на спускавыя кручкі», – заявіў былы баец СОБР Юрый Гараўскі.

Усё гэта – без пісьмовых загадаў, але з ведама міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і кіраўніка Савету бяспекі Віктара Шэймана.

Паводле собраўца, Паўлічэнка страляў двойчы ў сэрца з бясшумнага спецпісталета. Пісталет выдаў Алег Алкаеў, на той момант – дырэктар СІЗА № 1. Алкаеў распавёў аб неафіцыйнай выдачы пісталета для пазасудовых пакаранняў смерцю, эміграваўшы ў Нямеччыну. Да сведчанняў былога собраўца ён ставіцца з асцярожнасцю і ўвагаю:

«Калі ён схлусіў, то ў яго абвінавачанне ў цяжкім злачынстве – гэта паклёп. Калі ён праўду распавёў, ён усё роўна атрымае тэрмін, але не ў Беларусі. У Беларусь яго не выганяць, бо там існуе рызыка прымянення смяротнага прысуду».

Гараўскі распавёў, што пасля расстрэлу Юрыя Захаранкі ў лесе яны завезлі цела ў крэматорый на Паўночных могілках, дзе Паўлічэнка яго спаліў, а попел кудысьці панёс. Целы Ганчара і Красоўскага закапалі на вучэбнай базе СОБР пад Бягомлем.

Паводле ўдзельніка выкрадання, калі яны распранулі ды хавалі Віктара Ганчара, Гараўскі ўбачыў, што на адной назе няма двух пальцаў. Пасля публікацыі гэта пацвердзілі сябры Ганчара.

«Трэба прад’яўляць абвінавачванне Паўлічэнку, яго камандзіру, за наўмыснае забойства, учыненае групай асобаў па палітычных матывах», – падзяліўся з намі праваабаронца Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву».

Напярэдадні Дзмітрый Паўлічэнка заявіў, што ведаў Гараўскага, дапамагаў яму з працай, але ў СОБР той не служыў. Праз 10 хвілінаў сказаў журналістам, што не памятае свайго былога падначаленага. Вось яны разам на фота, гэта свята Беларускай асацыяцыі ветэранаў спецназа МУС «Гонар». Паўлічэнка там галоўны.

«Гэта Асацыяцыя ветэранаў спецпадраздзяленняў, выдаецца тым, хто служыў ва ўнутраных войсках… Таксама даецца тым, хто працаваў у СОБРы», – паведаміў былы баец СОБР Юрый Гараўскі.

Ужо сёння намеснік Паўлічэнкі Ігар Парэчын пацвердзіў, што Гараўскі – былы баец СОБР, і накіраваў Аляксандру Лукашэнку просьбу даць прэс-канферэнцыю. Нібыта Гараўскі дзеля асабістай выгады ўдзельнічае ў інфармацыйнай атацы на суверэнітэт Беларусі.

Пра ціск кампраматам з боку Масквы заявіў і экс-міністр МУС Юрый Сівакоў.

Пытанне «эскадронаў смерці» – балючае для Лукашэнкі. І ён таксама блытаецца ў каментарах – былі яны створаныя ці не.

«Мяне вінавацілі, што «вось гэты Лукашэнка там ці ведае, ці даваў каманду»?! Навошта? Ну нягоднікаў жа мора ходзіць сёння, ворагаў беларускага народу, як я іх называю, але я ж ніколі сабе не дазволіў там нейкую каманду даць», – выказаўся Аляксандр Лукашэнка ў 2010 годзе.

У 2018 годзе Лукашэнка абмовіўся:

«Вы што, з глузду з’ехалі? Ці мне прымаць жорсткія захады, як у першыя гады майго прэзідэнцкага жыцця, калі забівалі людзей на трасе Масква – Берлін: калі я пасылаў жменьку надзейных людзей з аўтаматамі, якія перастралялі там палову і навялі парадак цягам месяца».

Гараўскі пацвярджае: спачатку СОБР забіваў бандытаў – нібы пры затрыманні, а потым заадно і дзеячаў апазіцыі.

Яраслаў Сцешык, Дзіяна Раткевіч belsat.eu

Hавiны
Як выглядае магчымае месца забойства Ганчара ды Красоўскага
2019.12.17 15:03
Гарачы каментар
Сведчанне Гараўскага пра смерць Захаранкі і Ганчара
2019.12.17 01:27