Акумулятарны завод пад Берасцем не запрацаваў


«АйПаўэр» не запрацаваў. Замест запланаванага на сёння запуску на поўную магутнасць акумулятарнага заводу, супраць якога больш за год пратэстуюць берасцейцы, яго кіраўніцтва правяло прэс-канферэнцыю для журналістаў. Што праўда, не для ўсіх. Ані мясцовых блогераў, ані здымачнай групы «Белсату» на размову не пусцілі.

– Чаму адных пускаюць а іншых не?

– Без комментариев!

Падчас прэс-канферэнцыі чыноўнікі абвесцілі, што працэс здачы ў эксплуатацыю, які меў завяршыцца сёння, працягнецца да 21 чэрвеня. Праблема нібыта ў тым, што забруджанне на 123 грамы перавышае запраектаваную норму – тры кілаграмы за год. Актывісты такім лічбам не вераць.

«Канечне перавышэнне, што сказалі, 120 грамаў больш – насамрэч лухта. Хутчэй за ўсё, перавышэнні агромністыя, і гэта толькі дыаксід серы, а там жа шэраг кіслотаў ды іншага, а па іх перавышэнні не паддаюцца разлікам», – кажа праціўнік будоўлі заводу Віталь Казак.

Кіраўніцтва заводу заявіла падчас прэс-канферэнцыі, што калі дазволу на запуск атрымаць не ўдасца, давядзецца змяняць праектавыя звесткі, то бок павысіць норму выкідаў. Але праціўнікі заводу, якія цягам содняў нясуць ля яго вахту, адзначаюць: завод ужо забруджвае наваколле.

«Ідзе зараз выкід свінцу, працуюць плавільныя печы, працуюць фільтры, працуе выцяжка з цэху, цяпер акурат забруджанне свінцом адбываецца», – распавядае Алег Вялаў, праціўнік будоўлі заводу.

Кіраўніцтва ж заводу, адказваючы на пытанні падчас прэс-канферэнцыі, цвердзіць, што чорнага дыму з трубаў не было і быць не магло, вада, якую выкарыстоўваюць у вытворчым працэсе, ачышчаецца і ўжываецца зноў, трава ля заводу жаўцее праз добраўпарадкаванне, а свінец шкодны ў вялікіх колькасцях.

А ў нядзелю а 12-ай берасцейцы на знак пратэсту супраць заводу зноў выйдуць на цэнтральную плошчу гораду.

Менавіта на 12-ую гадзіну ў нядзелю выклікаюць у РАУС і актывіста Віталя Казака ды блогера Сяргея Пятрухіна, якога сёння ўжо аштрафавалі на 30 базавых велічыняў, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

«Часовы выканальнік абавязкаў начальніка Ленінскага РАУС Мікалай Самасюк сцвярджае, што Пятрухін да яго чапляўся ў непрыстойнай форме, і непрыстойнасць гэтая выявілася ў тым, што ён увогуле да яго падыходзіў і нешта пытаўся», – гаворыць праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Рашэнне суда блогер збіраецца абскарджваць. Група ж праціўнікаў акумулятарнага заводу заўтра мае сустрэцца са старшынём аблвыканкаму Анатолем Лісам.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu