Акумулятарны завод пад Берасцем могуць закрыць?


Пратэставалі, збіралі подпісы, атрымлівалі штрафы ды содні арышту і нарэшце паразмаўлялі з мясцовымі ўладамі. Ініцыятыўная група праціўнікаў будоўлі акумулятарнага заводу «АйПаўэр» у Берасці сустрэлася са старшынём аблвыканкаму Анатолем Лісам.

«Кажыце адразу, закрываем завод ці не закрываем?»

Што будзе з акумулятарным заводам у Берасці, яшчэ не вядома, але пратэстоўцаў прынамсі выслухалі. Абласныя ўлады ўпершыню за паўтара года пратэстаў супраць будоўлі сустрэліся з ініцыятыўнаю групай.

Раман Кісляк, праваабаронца, удзельнік сустрэчы:

«Гэта вельмі небяспечнае прадпрыемства, якое будзе забруджваць навакольнае асяроддзе. Мы на гэтым настойвалі, нашыя патрабаванні былі нязменнымі працяглы час, і рана ці позна гэта павінна было адбыцца, што ўлады пойдуць нам насустрач і пачуюць нашую пазіцыю».

Журналістаў на сустрэчу са старшынём аблвыканкаму Анатолем Лісам не пусцілі, а ўдзельнікам падчас спаткання забаранілі рабіць здымкі і весці аўдыязапіс. Але трохгадзінную размову праціўнікі будоўлі заводу ацэньваюць як канструктыўную.

Уладзіслаў Абрамовіч, праціўнік будоўлі заводу:

«Цягам бліжэйшых некалькіх дзён яны юрыдычна аформяць рашэнне пра прыпыненне дзейнасці гэтага заводу. Галоўнае – знайсці і пацвердзіць дакументальна тое, што ініцыятыўная група ім сёння распавядала».

Зміцер Бекалюк, праціўнік будоўлі заводу:

«Намі былі выказаныя факты, што сведчаць пра падман кампаніяй «АйПаўэр» не толькі дзяржаўных структураў, але і Міністэрства прыроды Рэспублікі Польшчы. І была бачная занепакоенасць старшыні аблвыканкаму, што Беларусь можа страціць прыцягальнасць для інвестара».

Учора кіраўніцтва заводу «АйПаўэр» ладзіла сваю прэс-канферэнцыю, куды, зрэшты, таксама пускалі не ўсіх. Паводле ўдзельнікаў, іх запэўнілі, што ўсе дазволы на запуск заводу неўзабаве будуць атрыманыя, і правялі па заводзе, каб паказаць, наколькі бяспечнаю будзе вытворчасць акумулятараў. Толькі праціўнікі заводу гэтым прэзентацыям не вераць.

«Аналагічны завод у Кітаі, дзе стаіць падобнае абсталяванне, выкідае не 3 кг, а 126, але там ачышчальныя збудаванні займаюць столькі месца, колькі ўвесь завод «АйПаўэр», і каштуюць 250 мільёнаў», – гаворыць праціўнік будоўлі заводу Уладзіслаў Абрамовіч.

Чакаючы рэакцыі чыноўнікаў, спыняць сваю дзейнасць актывісты не збіраюцца – працягнецца і дзяжурства вакол заводу, і кантроль дзеянняў уладаў ды кіраўніцтва «АйПаўэру», і пратэсты супраць будоўлі.

– У гэтую нядзелю кормім галубоў?

– Канешне. Я асабіста буду карміць галубоў.

Пратэсты актывісты плануюць спыніць толькі пасля таго, як завод закрыецца.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu