Аб'ектыў 13.10.2019 Актывісты распавялі, чаму памяць аб ахвярах сталінізму нязручная для ўладаў


13 кастрычніка ў Менску сустрэліся актывісты з усёй краіны, якія займаюцца пошукам і ўпарадкаваннем месцаў, дзе ў сталінскі час адбываліся расстрэлы.

Падчас сустрэчы ўдзельнікі адзначылі, што месцам пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў сённяшнія мясцовыя ўлады не даюць належнай увагі.

«Яшчэ ў 1990 годзе на Кабыляцкай гары ўлады ўсталявалі памятны знак, пазней усталявалі вялікі валун з шыльдай, шыльду скралі. Потым палітыка змянілася, і ўлады закінулі гэтае месца», распавядае каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» Ігар Станкевіч.

А часам наадварот, замест ушанавання расстраляных ставяць помнікі тым, хто расстрэльваў.

«Некалькі год таму ў Магілёве каля будынку КДБ усталявалі помнік – пераемнасць ад будзёнаўкі да сённяшняй фуражкі, то бок НКВД, ЧК, ВЧК, і ўсё астатняе. А насупраць гэтага будынку і была тая самая ўнутраная турма, дзе ў 1944 годзе ў адну ноч амаль 130 чалавек знішчылі», – распавядае актывіст з Магілёва Алег Аксёнаў.

Тое, што дзяржава недастаткова ўвагі аддае ўшанаванню памяці ахвяраў, мяркуюць і апытаныя намі жыхары Магілёва:

«На дзяржаўным узроўні не вельмі, бо ўсё яшчэ ў ценю».

«Я ўвогуле ў нашым горадзе не ведаю такіх помнікаў, дзе была б сканцэнтраваная ўвага на гэтай праблеме».

«Далёка не дастаткова, я думаю, гэтыя пытанні не ўздымаюцца асабліва».

Архівы КДБ не раскрытыя да сёння, таму дасюль невядомыя ні дакладная колькасць загінулых, ні ўсе месцы расстрэлаў. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец адзначае: галоўная праблема ў справе мемарыялізацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў – гэта супраціў дзяржаўнай машыны.

«Мы бачым, што адбываецца напал барацьбы, апошнія сутаргі камуністычнай сталінскай сістэмы, яно зыходзіць толькі з адной прычыны: сёння ўлады атаясамліваюць сябе з тымі, хто страляў, а не з тымі, каго расстрэльвалі», – лічыць сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Менавіта таму справу абароны месцаў пахавання ахвяраў сталінскага рэжыму мае ўзяць у свае рукі грамадскасць, думаюць актывісты. Удзельнікі сустрэчы аб’ядналіся ў калектыўную ініцыятыву – Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору.

«Улада не зацікаўленая адкрываць інфармацыю па рэпрэсіях, і гэта мы бачым, але зацікаўленыя нашчадкі расстраляных людзей і ёсць вялікая патрэба, па-першае, ведаць месцы, па-другое – атрымліваць дакументы з архіваў», – адзначае Ігар Станкевіч.

Актывісты дамовіліся пра наступную сустрэчу ў шырэйшым коле ў студзені. Тады плануюць прыняць рэзалюцыю ды сфармаваць каманду для стварэння календара падзеяў, сайту нарады і агульнай базы месцаў пахаванняў.

Бліжэйшыя акцыі ўшанавання памяці рэпрэсаваных – Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка і традыцыйнае шэсце ў Курапаты 3 лістапада. На правядзенне шэсця і мітынгу падала заяўку Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары