Актывісты прымусілі. Кіраўніцтва заводу «Омск-Карбон» дало прэс-канферэнцыю


Хто мае рацыю: кіраўніцтва заводу ці эка-актывісты? Ці ёсць пагроза здароўю магілёўцаў? Ужо два гады цягнецца супрацьстаянне «Омск Карбону» з праціўнікамі яго будовы. Сёння кіраўніцтва прадпрыемства дало адмысловую прэс-канферэнцыю.

Прадпрыемства гатовае на тры чвэрці, а першая лінія – на 98 адсоткаў. Зарганізавалі сталы маніторынг забруджвання, усталявалі аўтаматызаваныя ачышчальныя сістэмы коштам 500 тысяч еўраў – заявіла кіраўніцтва заводу «Омск Карбон» на адмысловай канферэнцыі для журналістаў.

«Завод «Омск Карбон Магілёў» атрымаў днямі заключэнне санітарна-гігіенічнай экспертызы: праект санітарна-абарончай зоны з улікам павелічэння магутнасці да 200 тысячаў адпавядае ўсім патрабаванням санітарна-гігіенічнага заканадаўства», – падкрэслівае генеральны дырэктар прадпрыемства Марат Ігізбаеў.

Кіраўніцтва прадпрыемства падкрэсліла, што на «Омск Карбон» запрашала і праціўнікаў будовы, але, маўляў, тыя запатрабавалі ўсю дакументацыю аб будаўніцтве, частка якой ахоўваецца камерцыйнай таямніцай.

«Абвінавацілі кіраўніцтва ўва ўсіх смяротных грахах. І быў пастаўлены ўльтыматум: ці вы даяце інфармацыю ці рыхтуйцеся публічна прызнаць будучае забруджванне навакольнага асяроддзя», – кажа кіраўнік юрыдычнага аддзелу Андрэй Буракоў.

Праціўнікі заводу сумняюцца ў яго экалагічнай бяспецы. Экаактывіст Андрэй Бодзілеў тлумачыць, чаму адмовіліся ад запрашэння кіраўніцтва:

«Омск Карбон» меркаваў, што запросіць актывістаў, яны прыедуць з экспертамі, паглядзяць, але часу на вывучэнне не будзе, і потым яны змогуць сказаць: у нас усё ў парадку, у нас нічога не знайшлі, усё цудоўна».

Месяц таму Андрэй Бодзілеў заявіў пра намер удзельнічаць у парламенцкіх выбарах, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Хішчанка, што прысутнічаў на прэс-канферэнцыі прадпрыемства «Омск Карбон», так адрэагаваў на гэтую ініцыятыву:

«А вось гэтыя таварышы, яны пераследуюць напярэдадні выбараў нейкія палітычныя мэты».

«Я магу, шчыра і адкрыта гледзячы ў вочы людзям, заявіць, што ніякай палітычнай матывацыі ў нас няма і не будзе, і выбарчую кампанію я буду выкарыстоўваць, каб яшчэ больш данесці да грамадскасці, выкарыстоўваючы ўсе інструменты, якія даюць кандыдатам у дэпутаты, каб яшчэ больш падняць гэтую тэму», – сцвярджае Андрэй Бодзілеў.

Для жыхароў Магілёва ва ўмовах адсутнасці поўнай інфармацыі патэнцыйная пагроза экалогіі не відавочная:

«Па-мойму, больш важна, каб былі працоўныя месцы, і людзі добра працавалі, а не ездзілі па гарадах і сёлах».

«Мне падаецца, ва ўсім свеце гэта выносіцца на дальнія адлегласці, для мяне важнае здароўе маіх дзяцей і маёй сям’і».

«Ад свабоднай эканамічнай зоны не сысці, і я больш за СЭЗ, але каб там сачылі за экалогіяй».

«Лепш, канечне, за межамі Магілёва каб былі гэтыя заводы».

Паводле графіку, запуск першага тэхналагічнага патоку заводу «Омск Карбон» і ўсёй інфраструктуры для яго працы мае адбыцца ў чацвертым квартале гэтага года.

Ірына Дарафейчук belsat.eu