Актывісткі «Руху маці 328» распачалі галадоўку


Алена Кузьміна змагаецца за скарачэнне тэрміну для свайго сына: 26-гадовы Кірыл Дарыс адбыў тры з чатырнаццаці гадоў зняволення. Жанчына перакананая, што да яго і дзяцей іншых мацярок несправядліва ўжытая чацвёртая частка артыкулу 328 пра абарот наркотыкаў у складзе арганізаванай групы.

«Сёння пяць гадоў нашаму руху мацярок. І пяць гадоў мы ходзім, аббіваем парогі дэпутатаў, чыноўнікаў – і ўсё бессэнсоўна. Кіраўнікі мяняюцца, а праблема не вырашаецца», – кажа Алена.

Алена Кузьміна заяўляе, што гэтак была вымушаная распачаць галадоўку.

«Змагацца не з наркаманамі, а з наркотыкамі заклікаюць актывісткі Матчынага руху 328. Гэта ёсць і галоўнае патрабаванне галадоўкі».

На чатырнаццаць гадоў асуджаны сын яшчэ адной галадоўніцы, Алы Берналь. Але жанчыны кажуць, што дамагаюцца ня толькі ранейшага вызвалення сваіх дзяцей, але перадусім развязання праблемы наркаманіі ў Беларусі.

«Вось нашыя дзеці сядзяць такія тэрміны – дзеля чаго, калі ўсюды вось гэтая «нявысветленая асоба»?», – кажа Ала.

«Было б не так крыўдна, калі б пасадзілі дзяцей – і наркотыкі закончыліся. А выходзіць, што нашая краіна змагалася не з наркотыкамі, а з наркаманамі», – працягвае Алена.

Матчын рух 328 аб’ядноўвае каля двухсот пяцідзесяці жанчын, чые дзеці ў юначым узросце адбываюць пакаранне тэрмінамі 10–20 гадоў. Шмат хто прыйшоў падтрымаць маці-галадоўніц, каб разам заступіцца за дзяцей.

«Калі ён адседзеў свой тэрмін – восем яму далі – і восем разоў запар яму дадаюць. Гэта можна сядзець пажыццёва – і такіх вельмі шмат. Праз тое, што павуціну пабачаць ці пыл на тумбачцы, ім дадаюць. Дзе гэта відана?!», – кажа Алена, сяброўка маці-галадоўніцы.

«Я расплакалася, калі мой старэйшы сын атрымаў ад малодшага сына ліст, і там ён піша, што ў мяне проста косткі, абцягнутыя скурай. Я нават сам на сябе не магу глядзець у люстэрка…», – кажа Іна Джумава – маці зняволенага Антона Джумава.

Маці-галадоўніц падтрымліваюць таксама жанчыны, чые дзеці ўжо вызваленыя.

«Тое, што адбываецца сёння ў краіне, – гэта знішчэнне барбарскім спосабам нашай нацыі. Нельга знішчаць уласны народ.», – заяўляе Людміла Ждановіч, маці вызваленага Аляксея Ждановіча.

«Цяпер ідзе прэзідэнцкая кампанія, вызначаныя кандыдаты: акрамя Аляксандра Рыгоравіча яшчэ чатыры кандыдаты, то хочацца, каб яны звярнулі ўвагу, што тут галадуюць маці», – кажа лідэрка руху Ларыса Жыгар.

Патрабаванне змякчыць галоўную, чацвёртую частку артыкулу 328 – пра абарот і вытворчасць наркотыкаў у складзе арганізаванай групы – пытанне слушнае і вырашальнае, кажа дасведчаны ў тэме грамадкі актывіст.

«Змагацца трэба. Зараз яны дзейнічаюць у межах закону, бо галадоўка не прадугледжвае пакарання. Але я думаю, што мамы саспеюць да таго, каб не лічыцца ні з чым і ісці супраць улады ў адкрытую», – кажа актывіст кампаніі «Наш дом» Валеры Шчукін.

Актывісткі руху ладзілі дзве галадоўкі пратэсту ў 2018–2019 гадах. Гэтак яны дамагліся зніжэння мінімальнага тэрміну зняволення на два гады, а таксама амністыі для асуджаных паводле артыкулу 328.

Галіна Абакунчык, «Белсат»