Актыўны адпачынак на Менскім моры: што, на думку менчукоў, варта змяніць?


Фух, нарэшце, дожджык! Расплаўленыя бязлітасным чэрвеньскім сонцам менчукі атрымалі сёння невялічкую палёгку. Зрэшты, нават хмары на небе не ў стане адвабіць ад вады аматараў актыўнага адпачынку. Кіруемся на сталічнае Камсамольскае возера.

«Ужо няма спякоты! Нарэшце, усё добра! Бачыце, надвор’е добрае!»

«Цэнім кожны дзень з сонейкам, бо ў Беларусі гэта дастаткова рэдка. Хаця апошнім часам усё часцей гэткае надвор’е. Атрымліваем асалоду, цешымся, думаем, што мы ў нейкай цёплай краіне».

«У выходныя на прыроду ездзім, а інакш як? На працы ад спякоты паміраем. А каля вады прыемней».

«Мала кавярняў. І для дзяцей. Здаецца, усё ёсць, але дзесьці пасядзець паесці – маленькі асартымент!»

«Насамрэч цяжка, вельмі задушліва, паветра не стае. Таму штодня ходзім на пляж апошнім часам. У суботу хадзілі загаралі, увесь дзень на Менскім моры былі. Ратуемся халоднай вадою, ягадамі. Але прынамсі схуднець можна, гэта вялікі плюс! А ты як ратуешся? – А мне, наадварот, падабаецца гэткае надвор’е – як у Іспаніі! Лепш хай бы заўжды гэткая спёка стаяла!»

Тым часам сіноптыкі прагназуюць, што сённяшнія дажджы ды навальніцы працягнуцца і заўтра. А ўжо далей – зноўку сонца. А гэта азначае, што і людзей у папулярных месцах адпачынку наўрад ці істотна паменее. Гэтак, аматары адпачыць на Менскім моры сведчаць: каб дайсці да пляжу, даводзіцца пакідаць аўтамабілі ажно за кіламетр ад вадаёму.

«З паркоўкамі цяжка. Паркавальных месцаў не стае, людзей шмат, спякота анамальная…»

«Я магу параўнаць, да прыкладу, з нашым горадам. У мяне ў горадзе – я сам з Горадні – таксама возера добраўпарадкавалі. Але што мне тут падабаецца, дык тут кабінкі стаяць для пераапранання. Я заўважыў, што нядаўна паставілі грыбкі, бо, калі я ўвесну прыязджаў у сакавіку, гэтага яшчэ не было. Сметніцы стаяць… Вось чаго б я дадаў… Прыбіральняў стала менш!»

«Так сабе! Мала месцаў з мангаламі стацыянарнымі, і не прыбраная вада! А я трываць не магу водарасцяў!»

«Адпачываю з мужам, дзіцё адправілі да бабуль-дзядуляў, з сабакам… Мангал свой прынеслі, бо няма вольных месцаў: вось гэта мінус, канечне! А так усё задавальняе!»

«Менскае мора – самае выдатнае мора на зямлі, я вам гэтак скажу».

А таму – усім добрага адпачынку! І не забудзьце ўзяць парасон: калі не ад дажджу, дык ад сонца.

Валеры Руселік, belsat.eu