Аб'ектыў 20.06.2017 Ахвяры былога агента КДБ распавялі свае гісторыі


Учора былі вызнанні былога агента КДБ. А сёння – бурлівая рэакцыя з боку ягоных ахвяраў. Ад іх гучаць новыя шакуючыя факты дыскрэдытацыі, паклёпаў і правакацыяў з боку супрацоўнікаў спецслужбаў. КДБ у свайго чаргу маўчыць і справу не каментуе.

Больш за два гады таму незалежная журналістка з Гомля Ларыса Шчыракова сталася ахвяраю паклёпніцкай дзейнасці сумнавядомага сайту gomelbest.com. Інфармацыя, якая пайшла ў свет, ледзь не зламала жанчыне жыцця. Усё пачалося з ператрусу КДБ.

«Яны падчас ператрусу забралі мой кампʼютар, у якім знайшлі інтымныя фотаздымкі. Праз паўгода яны зʼявіліся ў сеціве, яны зʼявіліся на сайце інтымных знаёмстваў. Пасля на іх жа сайце зʼявіўся артыкул пра тое, што тыя фоткі там зʼявіліся», – распавядае Шчыракова.

Ёсць і іншыя гісторыі, таксама з Гомля. У 2011-ым годзе актывістка Ксенія Яраслаўцава прымала актыўны ўдзел у арганізацыі маўклівых акцыяў пратэсту. За гэта жанчыне пагражалі адабраць дзіця. Сёння вядома, што КДБ планавала супраць яе правакацыю. Ксеніі хацелі падкінуць наркотыкі.

«Я калі даведалася пра наркотыкі была шакаваная. Калі гэта насамрэч праўда, гэтак жа кожнага можна пасадзіць», – кажа грамадская актывістка Ксенія Яраслаўцава.

Усе гэтыя гісторыі лучыць адна асоба, а дакладней – яе прызнанні, зробленыя днямі «Белсату». Гамяльчук Сяргей Васільеў, які ўцёк у Польшчу, прызнаўся ў шматгадовай супрацы з гомельскім КДБ. Сёння дакладна вядома: гэта ён быў адміністратарам паклёпніцкага сайту gomelbest.com, таксама ён ведаў пра планаваную правакацыю з наркотыкамі.

«Маю працу можна падзяліць на два этапы: да сайту і пасля сайту. На другі этапе праца была звязаная больш з апазіцыяй. Яны хацелі каб працаваў сайт і каб я па магчымасці кантактаваўся і з апазіцыянерамі», – распавёў «Белсату» былы агент КДБ Сяргей Васільеў.

Як збіраў інфармацыю агент на мянушку Сімон, сёння можна даведацца ня толькі з ягоных вуснаў. Асобы, за якімі сачыў Васільеў, цвердзяць, што ён лёгка ўваходзіў у кантакты з гомельскімі актывістамі, часта наведваў месцы, дзе збіраліся прадстаўнікі дэмакратычнае супольнасці Гомля.

«Мы пачалі часта бачыцца на Палескай, дзе праходзілі розныя семінары. Спачатку ён хадзіў на акцыі, пасля пачаў з намі сустракацца ў нефармальнай абстаноўцы, часам тэлефанавалі», – узгадвае Ксенія Яраслаўцава.

А гэта яшчэ адна асоба, якая лічыць сябе пацярпелаю праз дзейнасць Сяргея Васільева. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка цвердзіць, што, імаверна, агент Сімон стаяў за інцыдэнтам, які ледзь ня скончыўся для актывіста турмою. У 2015-ым узламалі электронную скрынку праваабаронца. Пасля з яе невядомыя пачалі дасылаць парнаграфічныя матэрыялы ў дзяржаўныя ўстановы.

«Я хачу даведацца каардынаты гэтага чалавека, я хачу з ім сустрэцца. Дзеля гэтага я звярнуўся да польскіх уладаў з просьбаю даць ягоныя каардынаты», – кажа гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка.

Колькі такіх пацярпелых можа быць ува ўсёй Беларусі – пакуль застаецца здагадвацца.

Сяргей Васільеў да былой працы агента КДБ ставіцца неадназначна. Цвердзіць, што рабіў гэта, каб пасля распавесці пра метады дзеяння спецслужбаў Беларусі. Аднак далёка ня ўсе ў гэта вераць, ён жа са свайго боку і пасля гучных прызнанняў сумняецца…

«Можа не ўсё было хлуснёю. Апазіцыянеры мусілі самі разумець, што за імі сочаць і нельга рабіць непрыстойных рэчаў. Нельга быць карупцыянерам, нельга карыстацца сваёй уладай, нельга быць падобнымі да тых, хто пры ўладзе», – разважае былы агент.

Пакуль у КДБ, нібы вады ў рот набраўшы, не прызнаюць свайго ўжо былога агента. Беларусы ж пытаюць: колькі такіх Сімонаў прызначылі на кожнага з іх?

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары