Ахвяраў каронавірусу ўжо больш за 64 тысячы


На чужога спадзявайся, але і сам не агінайся. Ужо другі рэабілітацыйны цэнтр пад Менскам – «Загорʼе» – следам за «Брыганцінай» рыхтуецца да прыезду кітайскіх студэнтаў.

«Сказалі не прапускаць нікога, ніякіх каментароў», – распавяла ахоўніца рэабілітацыйнага цэнтру «Загорʼе».

Ніводны з прыбылых кітайцаў не быў у небяспечных раёнах КНР і не кантактаваў з хворымі на каронавірус. Перад вылетам у Беларусь – усе 147 асобаў ужо прайшлі двухтыднёвы каранцін у Кітаі. Аднак вярнуцца ва ўніверсітэты замежнікі змогуць пасля абследавання беларускімі лекарамі. Між тым дадатковыя захады бяспекі выклікаюць занепакоенасць мясцовых жыхароў.

«Сказалі не прапускаць нікога, ніякіх каментароў», – распавяла ахоўніца рэабілітацыйнага цэнтру «Загоре».

«Гэта ж не зачыненая тэрыторыя. Людзі тут жывуць пастаянна, не дачнікі, страшна», – кажа жыхарка вескі Заямачнае.

«Мы ўчора ездзілі ў Сокал, заходзілі ў краму і ў самой краме было шмат кітайцаў. Нібыта іх не трэба шугацца, але хто ведае, што яны нам прынясуць», – кажа іншая жыхарка вёскі Заямачнае.

«Ну яны ўсё ж такі там далёка, калі яны сюды хадзіць не будуць, хай там жывуць», – дадае іншы мясцовы жыхар.

Захворванняў, выкліканых каронавірусам «Ковід-19», у Беларусі не зафіксавана. Тым не менш усе медычныя ўстановы краіны яшчэ пры канцы студзеня перавялі ў рэжым павышанай гатовасці. Штодня інфікаваных у свеце становіцца болей. У Кітаі лічба набліжаецца да 64 тысячаў. Амаль 4 адсоткі з іх – медыкі.

«Мусяць быць зробленыя дадатковыя захады, каб узмацніць сродкі абароны для медычнага персаналу, які застаецца пад уздзеяннем віруса з прычыны сваёй прафесіі. Неабходны рамонт кабінетаў дактароў, пакояў для адпачынку. Мы мусім забяспечыць іх найлепшым матэрыяльна-тэхнічным падтрыманнем», – кажа сябра Нацыянальнай камісіі здароўя Цзэн І-сінь.

За мінулыя содні колькасць інфікаваных за межамі мацерыковага Кітаю перавысіла 580 асобаў. Большасць – у Японіі. Гэта амаль 248 чалавек, 218 з якіх – пасажыры круізнага лайнера «Diamond Princess». Міністэрства аховы здароўя краіны ўрэшце пастанавіла даставіць для лячэння на бераг інфікаваных. Пакінуць лайнер таксама дазволяць асобам з адмоўнымі вынікамі тэсту на вірус. У першую чаргу – сталым людзям і тым, хто мае хранічныя захворванні.

«Гэта будзе не шпіталь і не медычны цэнтр. Гэта будзе жытло, што нагадвае традыцыйны японскі дом з асобнымі пакоямі ды прыбіральняй. Забеспячэнне лекамі, якія выпісваюць паводле рэцэпту, будзе. Аднак для медычнага абслугоўвання будзе неабходнае транспартаванне ў шпіталь або ў клініку», – распавядае грамадзянін Вялікай Братаніі, пасажыр лайнеру Дэйвід Эйбл.

Наконт таго, як вірус будзе паводзіць сябе далей, адзінай пазіцыі эпідэміёлагі не маюць. Паводле меркавання адных – пад пагрозаю можа аказацца дзве траціны насельніцтва планеты. Іншыя адмыслоўцы прагназуюць паступовы спад захворванняў ужо пры канцы лютага.

Юлія Лабанава, «Белсат»