Дзвюма гонкамі скончыўся чэмпіянат свету па біятлоне ў аўстрыйскім Гохфільцэне. Сёння першымі медалі ў масавым старце разгулялі прадстаўніцы прыгожай паловы.
На дыстанцыі дванаццаць з паловаю кіламетраў з чатырма лініямі агню сярод трыццаці найлепшых лыжніц са стрэльбаю былi і дзве беларускі. Надзея Скардзіна не закрыла адной талеркі мішэні на лёжцы, аднак праз невысокую хуткасць па трасе фінішавала толькі 16-аю. Не ўдалася стральба трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы Дар’і Домрачавай, якая тройчы намазала на другой стральбе, а на стойцы таксама дапусціла адну хібу, у выніковым пратаколе апынулася на 19-ым месцы. Золата заваявала трыўмфатарка сёлетняга першынства немка Ляўра Дальмаер, срэбра – у амерыканкі Сьюзан Данклі, замкнула тройку фінка Кaйса Мiaкярэйнэн. У мужчынаў таксама саліраваў прадстаўнік Нямеччыны Зыман Шэпм, які выгуляў масавы старт, за ім размясціліся нарвежац Ёганэс Бё ды аўстрыец Зыман Эдэр.
Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова ў межах 11-га туру групавога этапу Лігі чэмпіёнаў на сваёй пляцоўцы прымаў харвацкі «Загрэб». Цікавы і напружаны матч у выніку скончыўся з нічыйнымі лічбамі на табло 21:21.
Цягам амаль усёй сустрэчы гаспадары вялі ў ліку, а на перапынак пайшлі, выгульваючы 11:9. Аднак мяшкоўцы не здолелі давесці двубою да перамогі і ў выніку здаволіліся толькі нічыёй, якая не дазволіла датэрмінова зарэзерваваць сабе пуцёўкі ў плэй-оф. Самым выніковым у нас стаўся Іман Джамалi, які закінуў 7 мячоў. У турнірнай табліцы БГК пакуль займае пяты радок, а свой наступны матч у гэтым турніры правядзе 22-га лютага ў Франкфурце супраць мясцовага «Райн Лёвэну», які на чацвёртым месцы ды апярэджвае нас на адзін пункт.
Сталічныя баскетбольныя «Цмокі» правялі чарговы няўдалы двубой у межах рэгулярнага чэмпіянату Адзінай лігі ВТБ. На паркеце «Фолкан Клаб Арэны» калектыў Грышчука саступіў казахстанскаму клубу «Астана» 70:80.
Госці да візіту ў Менск прагулялі свае 7 двубояў з васьмі, таму заўзятарам «Цмокаў» было справядліва разлічваць на вікторыю сваёй каманды. Аднак не ўдалося: мы прагулялі ў трох чвэрцях і толькі ў трэцім тайме мінімальна перамаглі 14:13. У нас Антоніа Грэйвз і Джорджэ Гагіч на двух набралі 35 балаў, аднак для агульнай вікторыі ім забракавала падтрымання астатняй часткі каманды. У турнірнай табліцы мы на 11-ым радку, а наступны матч у Лізе правядзём 27-га лютага ўдома супраць латвійскага ВЭФу.