Агляд спартовых навінаў


Настольны тэніс

Мужчынская зборная Беларусі па настольным тэнісе заваявала пуцёўку ў элітны дывізіён каманднага чэмпіянату Еўропу. У першым матчы накаўт-раўнду мы на выездзе перамаглі дружыну Вугоршчыны 3:1.

У сустрэчы ў адказ у Менску ў стартавым двубоі наш лідар Уладзімір Самсонаў перамог Адама Шудзі 3:0, а затым Павел Платонаў таксама не пакінуў шанцаў Крыстыяну Надзю 3:1. Такім чынам, агульнай вікторыі для пропуску ў эліту нам хапіла, а таму вырашылі даць адпачыць нашаму ветэрану Самсонаву. Без яго ж астатнія матчы – прагулялі. Цяпер наша каманда паспрачаецца за медалі каманднага першынства свету, які стартуе сёлета 13-га верасня ў Люксембурзе. Убачым мы там і нашых дзяўчат, якія прабіліся на спаборніцтвы, накаўтаваўшы суперніц з Уэльсу.

Ліга чэмпіёнаў

Сталі вядомыя першыя паўфіналісты футбольнай Лігі чэмпіёнаў, а імі сталі дзве іспанскія каманды: «Рэал» і «Атлетыка».

«Вяршковыя» накаўтавалі на «Сант’яга Бэрнабэў» мюнхенскую «Баварыю» 4:2, хет-трык на свой рахунак запісаў Крыштыяну Раналду. Гэтым самым футбаліст усталяваў рэкорд: Крыштыяну на сваім стадыёне забіў ужо 211 галоў і цяпер паводле гэтага паказніку лідаруе ў клубе, апярэдзіўшы легендарнага Альфрэда ды Стэфана.

Галоўны трэнер «Рэалу»:

«Да самага фінальнага свістка нам было вельмі цяжка. Мы гулялі супраць найлепшай сёлета каманды. Таксама варта адзначыць вялікую колькасць момантаў, якія мы не зрэалізавалі ў першым тайме. Мы гулялі вельмі цярпліва, думаю, што па выніках двух матчаў мы заслужана праходзім далей. Раналду зрабіў вызначальны ўнёсак, за два матчы ён забіў пяць галоў».

Галоўны трэнер «Барусіі»:

«Мы сапраўды добра гулялі, я ганаруся сваймі футбалістамі, якія прынеслі сябе ў ахвяру, якія аддалі ўсе сілы. Мы былі блізкія да выхаду ў паўфінал. У выніку некаторыя рашэнні суддзі прадвызначылі вынік матчу. Я ведаю, што такое адбываецца ў футболе, але не з такою частатою на такім узроўні».

У другім чвэрцьфінальным матчы англійскі «Лэстэр» мірам 1:1 разышоўся з дружынаю Д’ега Сімэонэ, аднак «Атлетыка» крочыць далей, бо выгуляла першы двубой – дзякуючы пенальці, які забіў Грызман.

Позна ўвечары пройдуць астатнія дзве чвэрцьфінальныя сустрэчы. «Барселона» на сваім «Кам Ноў» паспрабуе стварыць яшчэ адзіны цуд і адгуляцца пасля буйной паразы. У першым матчы «сіне-гранатавыя» на выездзе саступілі турынскаму «Ювэнтусу» 0:3. Таксама адносіны высветляць французскі «Манака» і дортмундская «Барусія». У стартавым двубоі на сваім полі немцы зазналі паразу 2:3.

Тэніс

Новак Джокавіч прабіўся ўжо ў трэцяе кола тэніснага турніру катэгорыі «Мастэрз» у Монтэ-Карла. Серб, першая ракетка свету, не без праблемаў, але ў другім раўндзе нанёс паразу французу Жылю Сімону, які ў планетарным табелі аб рангах знаходзіцца толькі на 32-ім радку з лікам 6:3, 3:6, 7:5. За дзве гадзіны і 32 хвіліны, праведзеныя на корце, Джокавіч зрабіў адзін эйс, адзін раз памыліўся пры падачы ды зрэалізаваў 6 брэйк-пойнтаў. У асабістым супрацьстаянні спартоўцаў – поўнае дамінаванне Новака: 10:1.