Агляд спартовых навінаў 30.08.2016


Хакей

Трэнінгавы лагер хакейнай зборнай Беларусі пасля міжнароднага турніру «Кубка трох нацыяў», які, дарэчы, выгуляла нашая каманда, пакінулі пяцёра гульцоў. Дэйв Льюіс у алімпійскай кваліфікацыі не будзе разлічваць на трох абаронцаў менскага «Дынама» – Дзмітрыя Захаранку, Мікіту Усціненку і Іллю Шынкевіча, форвардаў – «Нёмну» Паўла Баярчука, а таксама Дзмітрыя Амбражэйчыка, які ў гэты момант без кантракту. Тым часам абаронца Раман Грабарэнка і нападнік Артур Гаўрус пасля пашкоджанняў вярнуліся ў асноўную групу. У бліжэйшы чацвер на «Менск-Арэне» стартуе кваліфікацыйны алімпійскі турнір за адзіную пуцёўку ў карэйскі Пхёнчхан. Мы распачнём адбор матчам з камандай Даніі, затым у суперніках Польшча і Славенія. Таксама сёння стала вядома, што Беларусь падала заяўку на правядзенне ў нашай краіне чэмпіянату свету па хакеі 2021-га года. Паводле генеральнага сакратара нашай федэрацыі Яраслава Заўгародняга, у выпадку няўдачы мы адправім заяўку і на 2022-гі год.

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова возьме старт у новым сезоне СЭГА-лігі. Свой першы матч каманда Бябешкі правядзе на выездзе супраць македонскага «Вардару». Крыху больш за тыдзень таму «мяшкоўцы» ўжо сустракаліся з гэтым клубам на міжнародных спаборніцтвах у Берасці ды перамаглі 29:26. Што датычыць схемы правядзення СЭГА-лігі, то яна засталася традыцыйнаю. На першым этапе 10 клубаў правядуць двухколавы турнір, пасля якога квартэт найлепшых абярэ пераможцу ў «фінале чатырох», месца якога вызначаць пасля сканчэння рэгулярнага чэмпіянату.

Тэніс

Апошні сёлета турнір серыі «Вялікага шлема», прызавыя якога складаюць рэкордныя 46 мільёнаў 303 тысячы долараў, Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе стартаваў сёння ў Нью-Ёрку. Стартавае яго кола прадказальна пераадолеў першая ракетка свету Новак Джокавіч. Серб за дзве гадзіны і 37 хвілінаў нанёс паразу паляку Ежы Яновічу – 6: 3, 5:7, 6:2, 6:1. Статыстыка серба – выканаў 12 эйсаў, здзейсніў 5 памылак пры падачы ды зрэалізаваў 7 брэйк-пойнтаў. Гэта была першая афіцыйная сустрэча паміж апанентамі. Наступным супернікам Джокавіча будзе чэх Іржы Вэсэлы, які не пусціў далей індыйца Сакета Мінэні. Непрыемны інцыдэнт адбыўся ў матчы з удзелам француза Гаэля Манфіса і Жыля Сімона з Люксембургу. У адным з разыгранняў Манфіс спрабаваў дастаць мяч і пры гэтым зачапіў электроннае табло, якое вывалілася са сцяны ды ледзь не прыціснула Манфіса. У выніку ўсе абышлося, а француз перамог у сустрэчы, выгуляўшы яе 6:4, 6:2, 7:6.

Футбол

Галкіпер футбольнага клубу «Манчэстэр Сіці» Джоў Гарт працягне сваю кар’еру ў камандзе італьянскай серыі А «Тарыно». Паводле агента гульца Джонатана Барнэта, бакі хутка аформяць пераход, аднак на якіх умовах падпішуць кантракт – не распавёў. Раней паведамлялі, што «Тарыно» хоча арэндаваць брамніка на сезон. Адзначу, што пасля прыходу на трэнерскі масток «гараджанаў» Жузэпа Гуард’ёлы, Гарт усё часцей апынаўся па-за межамі асноўнага складу. А пасля набыцця яшчэ аднаго галкіпера, Кляўд’ё Брава, Гарт і ўвогуле можа зрабіцца трэцім паводле значнасці брамнікам каманды.

Фота – Reuters