Агляд спартовых навінаў 28.12.2016

[vc_row][vc_column][vc_column_text]19-ты з ліку Кубак Рыжскай Думы па гандболе сярод мужчынскіх нацыянальных зборных стартаваў у Алімпійскім цэнтры «Электрум» сталіцы Латвіі. Як і летась, дружына Беларусі распачала двубоем з гаспадарамі, але, калі год таму калектыў пад кіраўніцтвам Юрыя Шаўцова перамог «бела-бардовых» 28:26, а ў выніку заняў 3-яе месца, то гэтым разам поспеху дамагліся нашыя супернікі. Латвія нанесла паразу беларусам з лікам 23:20, некалькі разоў вёўшы з розніцаю ў шэсць мячоў. У гасцей найлепшымі бамбардзірамі з чатырма галамі сталі Сяргей Шыловіч ды Уладзіслаў Кулеш. Адначасова балтыйскія гандбалісты ўзялі рэванш у беларусаў ня толькі за леташнюю паразу, але і за няўдачу ў стыкавых гульнях за права выступіць на чэмпіянаце свету-2017 у Францыі. У першым матчы турніру Расея, леташняя пераможца спаборніцтваў, на апошніх секундах вырвала перамогу ў Егіпту 24:23.

Менскае «Дынама» згуляе ў сераду другі і заключны групавы матч юбілейных гульняў на Кубак Шпэнглера, сустрэўшыся з гаспадарамі спаборніцтваў – швейцарскім «Давосам». Любая перамога наўпрост выведзе «зуброў» у паўфінал з першага месца. Бо напярэдадні гаспадары, адкрыўшы лік, пацярпелі паразу ад каманды Канады 3:4 і засталіся з нулём пунктаў. Паўночна-амерыканцы, як і госці з Беларусі, маюць 3 набраныя. Пачатак двубою менчукоў а 22.15 паводле беларускага часу.

Абсалютны лідар чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі – санкт-пецярбургскі СКА – аступіўся пасля ўражвальнай дзевяціматчавай пераможнай серыі, якая дазволіла армейцам трывала замацавацца на першым месцы і Заходняй Канферэнцыі, і ўсяго сезону. Дружына пад кіраўніцтвам Алега Знарока пацярпела паразу ў Казані ад «Ак Барсу», дарма, што ў серыі булітаў. Гэкім чынам татарстанскі клуб другі раз перамог суперніка ў сезоне і таксама ў булітах. СКА павялічыў адрыў ад сённяшняга сямідзесяцігадовага юбіляра ЦСКА і розніца паміж дружынамі складае цяпер шэсць пунктаў.

Каляндарны год у Экстралізе чэмпіянату Беларусі па хакеі з шайбаю цяперашні лідар і дзейны чэмпіён – менскае «Юнацтва» – закончыла выязною перамогаю над сваім пераследнікам – гарадзенскім «Нёмнам» – з лікам 4:2. Аляксей Когалёў ды Павел Развадоўскі ўжо да пятай хвіліны двубою зрабілі добры задзел на дзве шайбы для гасцей, і, хоць нёманцам удалося адгуляцца, напрыканцы другога і ў сярэдзіне трэцяга перыядаў «мядзведзі» красамоўна падкрэслілі сваю перавагу над супернікам. Цяпер «Юнацтва» апярэджвае гарадзенцаў на 7 пунктаў і на 15 рушыць наперадзе салігорскага «Шахцёра» ды «Гомля» пасля 29-ці сустрэчаў, праведзеных усімі камандамі элітнай шасцёркі. Цяпер у Лізе настаў перапынак да 10 студзеня, калі «Юнацтва» прыме гарнякоў, а «Нёман» дома сустрэнецца з «Гомлем».

«Лівэрпул» вярнуў сабе другі радок у турнірнае табліцы англійскай футбольнай Прэмʼер-лігі. Дружына Юргена Клёпа ў 18 туры на ўласным «Энфілдзе» пераканальна перагуляла «Стоўк Сіці» 4:1, прапусціўшы першаю ўжо на 12-ай хвіліне. А яшчэ «гараджанін» ДжанэлІ ІмбюлЯ зрэзаў мяч у сваю браму. «Лівэрпул» цяпер саступае лідару – «Чэлсі» – 6 пунктаў і на пункт наперадзе за «Манчэстэр Сіці». У заключным матчы 18 туру ў сераду «Саўтгэмптан» прымае «Тотэнэм Готспур».

Аляксандр Пуціла, «Белсат»