Агляд спартовых навінаў 27.12.2016


Менскае «Дынама» нервова, але больш як удала стартавала ў 90-ых гульнях на Кубак Шпэнглера, што традыцыйна прымаюць лядовыя арэны швейцарскага Давосу. Першы матч «зубры» гулялі супраць дзейных уладальнікаў трафею – каманды Канады і, адкрыўшы лік ужо на другой хвіліне дзякуючы кідку Аляксандра Мацярухіна, у сярэдзіне дэбютнага перыяду ўжо саступалі 1: 3. Увогуле ў стартавай дваццаціхвілінцы была закінутая амаль палова ўсіх шайбаў за матч. Канада перамагала 3:2. Але далей вяла толькі аднойчы. Беларуская каманда рэзка схамянулася і загуляла сапраўды ўражвальна ды яскрава, паставіўшы тлустую кропку кідком Мікіты Камарова ў пустую браму: 7:4, перамога «Дынама». Наступны двубой менчукі праводзяць у сераду, 28-га снежня, супраць гаспадароў – клубу «Давос», распачаўшы таксама а 22:15 паводле нашага часу.

Старт чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю сярод моладзевых зборных у канадскіх Манрэалі і Таронта стаўся няўдалым для дзейных чэмпіёна ды віцэ-чэмпіёна планеты. Уладальнік трафею Фінляндыя пацярпела паразу ад супернікаў з Чэхіі 1:2, а срэбныя медалісты мінулагодняга форуму, які прымала сталіца Фінляндыі Хельсінкі, – расейцы – былі слабейшыя за гаспадароў 3:5. А вось каманда Злучаных Штатаў Амерыкі, якая была трэцяю на папярэднім першынстве, распачала з пераканальнае перамогі над Латвіяй 6:1. Такі ж вынік і ў сустрэчы Швецыя – Данія, у якой наймацнейшым былі прадстаўнікі «Трэ крунур».

«Манчэстэр Сіці» ўзняўся на другое месца прэмʼер-лігі чэмпіянату Вялікай Брытаніі па футболе пасля таго, як на выедзе пераканальна перагуляў «Гал Сіці» з лікам 3:0. Варта адзначыць, што ўсе мячы былі праведзеныя ў апошнія 20 хвілінаў сустрэчы. «Гараджане» саступаюць «Чэлсі» 7 пунктаў. Лонданцы ў 18-ым туры былі мацнейшыя на сваім полі за «Борнмут», таксама 3:0. Зноў абысці «Сіці» можа ў аўторак «Лівэрпул», які адстае ад каманды Жузэпа ГуардЁлы на два пункты. Чырвоныя «мэрзісайдаўцы» 27-га снежня прымаюць 12-ую каманду ў табліцы – «Стоўк Сіці».

Партугальскага нападніка мадрыдскага «Рэалу» Крыштыяну Раналду прызналі найлепшым спартоўцам 2016-га года на версію 27-мі еўрапейскіх інфармацыйных агенцтваў. Футбаліст апярэдзіў першую ракетку свету паводле рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў брытанца Эндзі Мары ды вугорскую плыўчыху Катынку Хосу, трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра. Чэмпіён свету па аўтагонках у класе машынаў «Формула-1» немец Ніко Росбэрг стаўся чацвёртым. Лідарка рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі – таксама немка Анжэлік Кербэр – шостая, а французскі біятланіст Мартэн Фуркад – на сёмым месцы. Сёлета Раналду, нагадаем, атрымаў ужо «Залаты мяч», а таксама, найбольш імаверна, станецца найлепшым гульцом свету паводле версіі Міжнароднай федэрацыі футболу ФІФА. У гэтым сезоне партугалец выгуляў Лігу чэмпіёнаў і зрабіўся ўладальнікам тытулу на 15-ым чэмпіянаце Еўропы ў Францыі. Польскае прэсавае агенцтва праводзіць апытанні з 1958-га года. У іх прымаюць удзел найбуйнейшыя інфармацыйныя агенцтвы кантыненту.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»