Агляд спартовых навінаў


Гандбол

Вітаю прыхільнікаў спорту! У аўторак у сталіцы Аўстрыі Вене адбылося лёсаванне групавога раўнду Кубка Еўрапейскай гандбольнай Федэрацыі, на якім віцэ-чэмпіёну Беларусі – менскаму СКА – не пашанцавала. У прыватнасці, прабіўшыся другі раз за сваю гісторыю ў групу Кубку ЕГФ, армейцам зноў, як і два сезоны таму, выпала сустракацца з дацкім «Б’Ерынгбро-Сількеборг».

У сезоне 2015 – 16 нашая каманда саступіла скандынавам шэсць мячоў на яе пляцоўцы, але ўдома выгуляла толькі тры. СКА заняў апошняе, чацвёртае месца, прапусціўшы наперад яшчэ французскі «Сэн-Рафаэль Вар ондбааль» і «Пфадзі Вінтэртур» са Швейцарыі. Сёлета нам дасталіся немцы – пятая па выніках мінулага чэмпіянату, але сёмая цяпер каманда Бундэслігі «Магдэбург», якая ў мінулым сезоне гуляла тут у «Фінале чатырох» і здолела заняць у Кубку ЕГФ трэцяе месца. «Б’Ерынгбро-Сількеборг» – віцэ-чэмпіён дацкай Лігі 888 – на гэты момант ідзе трэцім у табліцы. У пазамінулым сезоне скандынавы гулялі ў чвэрцьфінале Кубка ЕГФ, а летась дайшлі да 1/8-ай Лігі чэмпіёнаў. У такой кампаніі трэцяя каманда, якая яшчэ высветліцца 2 снежня, вялікага значэння ня мае. Стартавы двубой у квартэце А СКА правядзе ў Менску супраць «Магдэбургу» 10-га ці 11-га лютага.

Не даюць спакою нямецкія клубы беларускаму і ў Лізе чэмпіёнаў Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі. 10-ты тур у групе Бэ адкрыла дэрбі паўночных камандаў зямлі Шлезвіг-Гольштайн «Фленсбург» з самага паўночнага гораду краіны ды «Кілю» з самага вялікага гораду гэтага рэгіёну.

Ладна дапамог гасцям 26-цігадовы брамкар зборнай Нямеччыны Андрэас Вольф, які паказаў 46-ціадсоткавую эфектыўнасць. Сэйвы галкіпера ўвайшлі ў падбор найлепшых момантаў на сайце ЕГФ. Але пры тым, што гульцоў «Кілю» сербскія арбітры выдалялі чатыры разы і толькі аднойчы на дзве хвіліны пляцоўку пакінуў гандбаліст гаспадарскай каманды, менавіта калектыў у белай форме валодаў ініцыятываю і, выгуляўшы мяч у першым тайме, агулам апярэдзіў суперніка на тры – 33:30. Што даволі нечакана, бо «Фленсбург» пасля чатырох перамогаў запар скочыў на другое месца, дзе цяпер і застаецца. У «Кілю» трэці запар поспех, але чацвёртае месца ў табліцы. БГК за пяць тураў да канца даволі далёка адстаў. А 2-га снежня прымае славенскі «Цэле», з якім у першым коле згуляў унічыю 33:33.

Допінгавы скандал

Паўторныя спробы вымусілі скасаваць шэраг медалёў расейскіх атлетаў, заваяваных імі на папярэдніх Зімовых гульнях у Сочы. Але краіна адбіваецца, як можа. І дасюль адмаўляе абвінавачанні, заяўляючы, што стала ахвяраю брыдкае палітычнае кампаніі, закліканай ачарніць рэпутацыю магутнае дзяржавы ў свеце спорту і ўтаймаваць поспехі атлетаў гэтае краіны. Прынамсі, нашыя ўсходнія суседзі заклікаюць не ўжываць да краіны прынцыпу калектыўнай адказнасці і дапусціць незаплямленых спартоўцаў у Карэю.

І тым не меней жывуць расейскія спартоўцы раней запланаваным жыццём. Яшчэ ня ведаючы, што пастановіць Міжнародны алімпійскі камітэт 5-га снежня ў Лазане наконт выступу каманды на Белай Алімпіядзе – 2018 у карэйскім Пхёнгчхангу, Расея ўжо наважаная аспрэчваць яго ў Міжнародным спартовым арбітражным судзе. А пакуль прымярае новую алімпійскую форму. Яе прэзентавала маладая дызайнерка Анастасія Задорына, якая паведаміла, што ўзоры былі зробленыя ў шчыльнай супрацы са спартоўцамі. І што ейная кампанія «Заспорт» («Zasport») працягне змагацца за зборную краіны. Падтрымалі Расею і кіраўнікі хакейных федэрацыяў ЗША, Канады, Паўднёвай Карэі, Чэхіі, Фінляндыі, Швейцарыі ды Чэхіі.