Агляд спартовых навінаў 25.08.2016


Хакей

Міхаіл Грабоўскі не дапаможа нашай хакейнай зборнай у алімпійскай кваліфікацыі. Форвард «Таронта» ўваходзіў у пашыраны спіс гульцоў, аднак праз праблемы са здароўем не змог далучыцца да дружыны Дэйва Льюіса. Таксама па-за гульнёй з-за траўмы пляча застаўся і абаронца «Трактара» Уладзімір Дзянісаў. Заўтра ў каманду прыбудуць Андрэй Касціцын, Джэф Плат, Аляксандр Кітараў і Андрэй Стась. На «Менск-Арэне» стартуе міжнародны турнір «Кубак трох нацыяў», у якім акрамя нас возьмуць удзел зборныя Францыі ды Нямеччыны. Сама ж кваліфікацыя ў групе Д пройдзе на гэтай жа пляцоўцы з 1-га да 4-га верасня. За адзіную пуцёўку на Зімовыя алімпійскія гульні 2018-га года ў карэйскім Пхёнчхангу пазмагаюцца беларусы, датчане, славенцы і палякі. Мінулую Алімпіяду ў Сочы мы прапускалі, бо ў кваліфікацыі-2013 занялі другі радок у групе, прапусціўшы наперад Славенію.

Футбол

Барысаўскі БАТЭ правядзе сёння ўвечары самы важны матч у сезоне. Гэтак ахарактарызаваў сустрэчу ў адказ плэй-оф Лігі Еўропы з казахстанскай «Астаной» галоўны трэнер каманды Алякандр Ермаковіч. Тыдзень таму мы саступілі ў гасцях 0:2, і ў тым двубоі пералом скулы атрымаў Аляксандр Глеб, а носа – Сяргей Верамко. Таму сёння яны БАТЭ не дапамогуць. Для выхаду ж у групавы этап другога ў значнасці клубнага турніру Старога свету як мінімум трэба забіць тры мячы, пакінуўшы сваю браму ў недатыкальнасці. Абслугоўваць двубой на «Барысаў-арэне» будзе брыгада рэферы з Францыі на чале з Тані Шапронам.

Роварныя гонкі

Галандскі рэйсэр каманды «Sky» Ваўтэр Пулс стаў пераможцам пятага этапу знакамітай шматдзённай роварнай гонкі «Вуэльта», якая працягваецца па дарогах Іспаніі. Ён перамог з адзіночнага адрыву, пачаўшы атакаваць на заключным падʼёме – за 14 кіламетраў да фінішу. Другім фінішаваў Дарыо Катальда з «Астаны», замкнуў тройку Гаэтан Біль з каманды «Ўанты – Груп Гобэрт». Крыху не хапіла беларускаму рэйсэру Канстанціну Сіўцову са стайні «Sky», у выніку ён чацвёрты. У агульнай класіфікацыі па ранейшаму лідаруе Наіра Кінтана з «Мовістар».

Фота – TUT.BY