Агляд спартовых навінаў 23.08.2016


Паралімпіяда: Расея

Паралімпійскія летнія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра пройдуць без удзелу зборнай Расеі. Спартовы арбітражны суд сёння адхіліў пазоў паралімпіскага камітэту нашых суседзяў і не дапусціў іх атлетаў да спаборніцтваў. 7-га жніўня Міжнародны паралімпійскі камітэт прыняў такое рашэння згодна з дакладам Сусветнага андыдопінгавага агенцтва пад кіраўніцтвам Рычарда Маклэрэна, у якім згадваліся прозвішчы 35-ці расейскіх паралімпійцаў, датычных да допінгавых махінацыяў падчас Сочынскіх гульняў.

Футбол

Чарговая адстаўка ў беларускім футболе. Пасаду галоўнага трэнера наваполацкага «Нафтану» пакінуў Валерый Стрыпейкіс. Адмыслоўца быў выпраўлены ў адстаўку разам са сваім памочнікам Тарасам Чопікам. Прычына – жудасныя паказнікі каманды, якая пасля 19-ці тураў зазнала 11 паразаў і замыкае турнірную табліцу першынства. Выканаўцам абавязкаў галоўнага трэнера прызначаны Алег Сідарэнкаў, а дапамагаць яму будзе Аляксандр Трайдук, які, дарэчы, сам раней узначальваў «Нафтан». Свой наступны матч у 20-ым туры чэмпіянату краіны навапалачане правядуць дома 28-га жніўня супраць другой каманды нашай эліты – салігорскага «Шахцёра».

Хакей

Новы, 9-ты, сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе стартаваў у Магнітагорску матчам за Кубак адкрыцця. За яго змагаліся дзейны ўладальнік галоўнага трафею КХЛ Кубка Гагарына, мясцовы «Металург», і пераможца апошняга рэгулярнага чэмпіянату, маскоўскі ЦСКА. У выніку «магнітка» аказалася мацнейшая за армейцаў – 3:2.

Менскае «Дынама» свой першы двубой сезону правядзе 6-га верасня ў гасцях у маскоўскага «Спартака». Усяго сёлета ў КХЛ выступіць 29 клубаў, навічком стала каманда з Паднябеснай «Кунь-Лунь Рэд Стар».

Тэніс

Асноўная частка апошняга ў сёлетнім сезоне тэніснага турніру серыі «Вялікага шлема» Адкрытага чэмпіянату ЗША стартуе толькі 29-га жніўня, аднак кваліфікацыя ўжо распачалася. За права выступіць у галоўным раўндзе, а для гэтага трэба прайсці тры колы папярэдняга этапу, паспрачаецца і квартэт беларусаў. Вольга Гаварцова сустрэнецца з сербкай Александрай Круныч, Арына Сабаленка пазмагаецца з японкаю Маё Хібі. У мужчынскім адзіночным разрадзе наш Ілля Івашка згуляе з Нікалясам Кікерам з Аргентыны, а апанентам Ягора Ягорава будзе француз Кантэн Алі. Сёлета прызавы фонд «U.S. Open» складзе $ 46 млн. 300 тыс. Мінулагоднімі яго пераможцамі былі італьянка Флявія Пэннэта і серб Новак Джокавіч.

Фота – Reuters