Агляд спартовых навінаў 21.12.2016


Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» працягвае сваё чарговае выязное турнэ ў межах гульняў КХЛ. Пасля перамогі ў Ніжнякамску 2:0 над мясцовым «Металургам» «зубры» перабраліся ў Новасібірск, дзе сёння правялі сустрэчу супраць мясцовай «Сібіры» пад кіраўніцтвам беларуса Андрэя Скабелкі. У выніку «бела-блакітныя» атрымалі валявую вікторыю. Наступны двубой правядзем у пятніцу ў Омску супраць «Авангарду».

Гандбол

Сяргей Рутэнка вяртаецца ў прафесійны спорт. Наш знакаміты левы паўсярэдні падпісаў кантракт з гандбольным клубам з Катару «Аль-Кіяда», а пагадненне разлічанае да канца сезону. У канцы мінулага колеры гэтага калектыву абараняў яшчэ адзін беларус, Барыс Пухоўскі. Апошняю камандаю Рутэнкі быў менскі СКА, а пасля заканчэння супрацы з армейцамі беларус падтрымліваў форму самастойна, перайшоў жа да катарцаў у якасці вольнага агента. Аднак у студзеньскім чэмпіянаце свету Сяргей удзелу ўзяць не зможа. Наш трэнерскі штаб за два дні да катарскага варыянту Рутэнкі ўжо адправіў заяўку з 28-мі спартоўцаў, і змяніць яе немагчыма. Але на двубоі ў траўні і чэрвені будучага года, калі беларусы згуляюць супраць Польшчы, Румыніі ды Сербіі ў межах адбору на чэмпіянат Еўропы, Сяргей можа быць заяўлены.

Валейбол

Выступ на міжнароднай валейбольнай арэне скончыўся адразу для двух беларускіх клубаў. Менскі «Будаўнік» у 1/32 фіналу Кубка ЕКВ спачатку ў гасцях саступіў італьянскай «Пьячэнцы» 1:3, а затым і на сваёй пляцоўцы капітуляваў з такім жа лікам. Салігорскі «Шахцёр» у 1/16 Кубка выкліку адразу ўдома ўсухую 0:3 прагуляў расейскаму «Факелу», а затым і на выездзе зазнаў паразу 1:3. Аднак у гэтым жа турніры засталося беларускае прадстаўніцтва, і ў 1/8 мы ўбачым барысаўскі БАТЭ-БГУФК, які па выніках двухматчавага супрацьстаяння выбіў з барацьбы яшчэ адзін наш клуб, «Легіён» з Абухава. Цікава, што менавіта ўжо ў змаганні за выхад у чвэрцьфінал барысаўцы ў супернікі атрымалі крыўдніка нашага «Шахцёра» – клуб «Факел» з Новага Урэнгою.

Футбол

Андрэ ШУбэрта звольнілі з пасады галоўнага трэнера футбольнага клубу «Барусія» (Мёнхэн-гладбах). Кіраўніцтва каманды прыняло рашэнне адправіць коўча ў адстаўку з прычыны дрэнных вынікаў калектыву. У Бундэслізе «Барусія» за апошнія адзінаццаць матчаў атрымала толькі адну перамогу і займае 14-ты радок турнірнай табліцы. Апошняю кропляю стала нічыя 1:1 у чарговым туры першынства, калі дортмундцы не змаглі атрымаць вікторыю ў хатніх сценах над «Аўгсбургам». Шубэрт увайшоў у арганізацыю «Гладбаху» першага ліпеня 2015 года, стаўшы трэнерам маладзёжкі, і ўжо ў верасні змяніў Люсьена Фаўра на пасадзе стырнавога першай каманды.

Тэніс

Арганізатары першага ў будучым годзе тэніснага турніру серыі «Вялікага шлема» адкрытага чэмпіянату Аўстраліі сёння абвесцілі памер прызавога фонду турніру. Гэтым разам ён стане рэкордны і складзе больш за $ 36 млн. Стартуе «Острэліян Оўпэн» 16-га студзеня, а пераможцы ў адзіночных разрадах атрымаюць па $ 2,68 млн. Той, хто прагуляе ў першым коле, папоўніць свой банкаўскі рахунак на $ 36 тыс.