Агляд спартовых навінаў


Футбол

Барысаўскі клуб БАТЭ працягвае пагоню за лідарамі турнірнай табліцы ды ўжо ўшчыльную наблізіўся да першых дзвюх камандаў. У 23-ім туры футбольнага першынства краіны Ермаковіч і кампанія на сваім полі паздзекаваліся са «Слуцку», якому адгрузілі 6 безадказных мячоў.

Толькі 12 хвілінаў здолелі пратрымацца госці, якія, дарэчы, займаюць чацвёрты радок турнірнай табліцы, а далей у іхную браму залятала ўсё, што можна. Распачаў разгром Слуцку Міхаіл Гардзяйчук, ён жа яго і скончыў на 81-ай хвіліне, тым самым аформіўшы хет-трык. Акрамя ягоных галоў, дакладнымі ўдарамі яшчэ вызначыліся Іваніч, Стасевіч і Сігневіч. Пасля гэтага туру, у якім аступіўся лідар, менскае «Дынама», саступіўшы аднаклубнікам з Берасця 0:1, на чыстае першае месца выйшаў салігорскі «Шахцёр», у якога стала 53 балы. На адзін пункт адстае Гурэнка і кампанія, у БАТЭ цяпер 52 балы. У астатніх матчах былІ зафіксаваныя наступныя вынікі: «Славія» перамагла «Крумкачаў» 3:1, нулявую нічыю распісалі «Менск» і «Віцебск», «Нафтан» у гасцях саступіў «Гарадзеі» 0:2, і «Нёман удома зазнаў паразу ад клубу «Тарпеда-БелАЗ»…

Тэніс

Каралінэ Вазняцкі перамагла ў буйным турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі «Пасіфік Оўпэн», які скончыўся на адкрытых гардаўскіх кортах у Токіа. У фінальным двубоі датчанка, шостая ракетка свету, сустракалася з расяянкай Анастасіяй Паўлючэнкавай, якая ў планетарным табелі аб рангах – на 23-ім радку.

На жаль, фінальны двубой не атрымаўся цікавы з гледзішча інтрыгі, бо на корце мы ўбачылі тэатр аднаго актора, у гэтым выпадку – акторкі. Каралінэ ў першым сэце наўпрост знішчыла апанентку, не аддаўшы ёй нават ніводнага сэту, 6:0. У другой партыі Паўлючэнкава ачомалася, здолела крыху навязаць барацьбу, аднак у выніку таксама саступіла, цяпер ужо з больш прыстойнымі лічбамі – 5:7. За гадзіну і 13 хвілінаў, што працягвалася сустрэча, Вазняцкі зрабіла 6 эйсаў і 4 брэйкі, пры гэтым ні разу не памылілася пры падачы. Гэты тытул стаўся для Кралінэ першы ў сезоне і 26-ы ў кар’еры ды прынёс ёй амаль 470 балаў рэйтынгу, а таксама папоўніў банкаўскі рахунак на 195 тысяч долараў прызавых.

Валейбол

Жаночая зборная Беларусі па валейболе прабілася ў плэй-оф Чэмпіянату свету, які прымаюць Грузія ды Азербайджан. У Тбілісі каманда Пятра Хілька ў апошнім матчы групавога этапу без праблемаў разабралася з гаспадынямі пляцоўкі, грузінкамі, і перамагла іх усухую 3:0. У выніку мы занялі другое месца ў сваім квартэце, а ў накаўт-раўндзе нашымі суперніцамі будуць пераможцы пары Галандыя – Чэхія, а матч адбудзецца ў аўторак ужо ў Баку.