Агляд спартовых навінаў 19.12.2016


Біятлон

Дзвюма гонкамі з масавага старту скончыўся трэці этап Кубка свету па біятлоне ў чэшскім горадзе Новэ Мнеста. Першымі на дыстанцыю 15 кіламетраў з чатырма лініямі агню выйшлі мужчыны. Тут роўных не было французу Мартэну Фуркаду, за ім фінішавалі немец Зыман Шэмп і расяянін Антон Бабікоў. Беларусы ўдзелу не бралі.

Затым на трасу выйшла прыгожая палова, каб паспаборнічаць на дыстанцыі 12 з паловаю кіламетраў. Упэўнена гонку правяла гаспадыня трасы Габрыела Коўкалава, якая з адным промахам здолела заваяваць залаты медаль. Саступіла ёй Ляўра Дальмаер – немка фінішавала другою. А замкнула тройку прызёраў італьянка Даратэя Вірэр. Адзіная прадстаўніцаю нашай краіны ў масавым старце, Надзея Скардзіна, таксама толькі адзін раз не закрыла талерку мішэні, але была марудная ў бегу, і як вынік – толькі 18-ты радок.

Баскетбол

Менскія «Цмокі» ў чарговым туры гульняў Адзінай Лігі ВТБ у гасцях у Краснаярску сустракаліся з мясцовым «Енісеем». Ужо з самага пачатку сустрэчы было відаць, што калектыў Грышчука не настроіўся на матч: першыя набраныя пункты зʼявіліся ў нашым актыве толькі пры канцы трэцяй хвіліны двубою. Перамагчы ж мы здолелі толькі адну, трэцюю, чвэрць: 29:24, у астатніх – саступілі. Агульны лік сустрэчы – 88:70, перамога «Енісею». Самым выніковым у нашым складзе стаў Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 20 балаў. У турнірнай табліцы Лігі «Цмокі» займаюць дзявяты радок з 13-ці калектываў, а свой наступны матч у гэтых гульнях правядуць на хатнім паркеце 21-га снежня супраць фаварыта спаборніцтваў – маскоўскага ЦСКА. Да гэтага яны выступяць у другім туры другога групавога этапу Кубка ФІБА. У сераду нашым апанентам у гасцях будзе вугорскі клуб «Кёрмэнд».

Футбол

У фінале клубнага першынства свету, які прайшоў у Японіі, перамог лідар футбольнай Лігі чэмпіёнаў – мадрыдскі «Рэал». Вырашальны матч за ганаровы трафей упершыню за некалькі гадоў атрымаўся па-сапраўднаму цікавым і вельмі прыгожым, з шасцю забітымі мячамі, а ў выніку – 4:2, «вяршковыя» перамаглі мясцовы клуб «Касіму Энтлерз». І адбылося гэта толькі ў дададзены экстратайм, бо 90 хвілінаў гульні закончыліся ўнічыю, 2:2.

Фота: bc-tsmoki.by