Агляд спартовых навінаў


Гонкі

Брытанскі рэйсэр Льюіс Гэмілтан, як і абяцаў, выгуляў «Гран-пры Бельгіі» на трасе ў Спа. Такім чынам, жнівеньскі перапынак не дазволіў камусьці з масоўкі здзівіць свет «каралеўскіх» аўтагонак. Льюіс атрымаў шостую перамогу ў сезоне і 58-ю за карʼеру. Пілот «Мерсэдэсу» апярэдзіў рэйсэра «Фэрары» і лідара сезону – немца Зэбаст’яна Фэтэля і амаль 11 секундаў выгуляў у аўстралійца Дэньела Рык’Ярда. Такім чынам, у чэмпіянаце пілотаў Фэтэля апярэджвае Гэмілтана ўжо толькі на 7 пунктаў.

Тэніс

Нясеяная прадстаўніца Аўстраліі Дарʼя Гаўрылава не толькі дайшла да фіналу тэніснага турніру ў штаце Канектыкут (ЗША), але ў 23 гады дамаглася і свайго першага тытулу ў турнірах Жаночай тэніснай асацыяцыі, перагуляўшы другую сеяную – Домініку Цыбулкаву са Славаччыны 4:6, 6:3, 6:4, і замацаваўшы ўпэўненасць перад стартам на Адкрытым чэмпіянаце ЗША.

Бокс

Бязлітасны Флойд Мэйўэдэр, тым не менш, датрымаў да 10-га раунду свайго канкурэнта ў беспрэцэдэнтным баі паміж баксёрам-прафесіяналам і чэмпіёнам свету па змяшаных адзінаборствах. Мэйўэдэр тэхнічным накаўтам абяззброіў ірландца Конара МакГрЭгара. Дэбютант прафесійнага баксёрскага бою раней хваліўся, што хутка пабʼе 40-гадовага амерыканца. Але бой, які больш быў скіраваны на шоу і на салідны куш арганізатарам, чым на перспектыву падобных процістаянняў, яскрава падкрэсліў, што кожны мусіць займацца сваёю справаю. Мэйўэдэр давёў баланс сваіх перамогаў да ўражвальнага ліку 50:0, перакрыўшы рэкорд у колькасці перамогаў (без нічыіх і паразаў) на рынгу – і гэтак і пайшоў са спорту непераможаным.

Футбол

Два мячы польскага форварда Робэрта Левандоўскага з інтэрвалам тры з паловаю хвіліны прынеслі перамогу чэмпіёну Нямеччыны мюнхенскай «Баварыі» над «Вэрдэрам» з Брэмену – другую перамогу запар у новым сезоне Бундэслігі. Паляк, які летась толькі напрыканцы сезону вырваў тытул найлепшага бамбардзіра сезону, свой першы гол здабыў на 72-й хвіліне. А дадаў феерыю цудоўным сола даволі хутка, пакуль «брэменцы» далі рады ачуняць ад першага. «Баварыя», якая выгуляла свае апошнія 16 матчаў супраць «Вэрдэра», лідаруе разам з «Гамбургам». «Дыназаўры» свой другі матч выгулялі на выездзе суперніка барысаўскага БАТЭ па групавым раўндзе Лігі Еўропы – «Кёльну» 3:1 і таксама набралі 6 пунктаў. Але лідаруе менавіта «Барусія» з Дортмунду, якая ў адрозненне ад канкурэнтаў пры двух поспехах і не прапусціла ніводнага мяча.