Агляд спартовых навінаў


Гэтак і не ачунялі

З яраслаўскім «Лакаматывам» у плэй-оф чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі дынамаўцы Менску сустракаліся ў свой першы выхад у накаўт-раўнд у 2011-ым і саступілі 3:4. У наступным сезоне ў 1/8-й Кубка Гагарына прагулялі маскоўскім аднаклубнікам 0:4, а ў 2015-ым былІ слабейшыя за «Ёкерыт» з Фінляндыі 1:4.

Чацвёртая серыя «зуброў» ізноў нашай камандзе не ўдаецца. У новай спрэшцы з «Лакаматывам» усё пайшло не так хай не з самага пачатку, але паводле гульні – па сыходнай. Трэці матч серыі быў ужо хатні, а розніцы, нават узброеным вокам, было не разгледзець. Тая ж нястрыманасць ад стомленасці, і як вынік – зусім не да месца выдаленні, настрой усё горшы, уздыму, а пагатоў натхнення – аніякага. «Дынама» выглядае збольшага занадта накручаным, найперш маральна, і можа ўвогуле застацца з нулём перамогаў. Параза 1:5. Чацвёрты матч серыі на «Менск-Арэне» – у панядзелак, 27-га лютага.

Хатні правал

Ніяк не пацешылі і фрыстайлісты на хатнім этапе Кубка свету ў апошнюю суботу зімы. Ніхто з нашых хлопцаў не здолеў выйсці нават з кваліфікацыі, а ў дзяўчат Аляксандра Раманоўская паказала толькі дзясяты вынік.

Жанчыны першыя выявілі медалістаў у акрабатычных скачках. А выгуляла зноў аўстралійка Лідыя Ласіла, якая паўмесяца таму адзначыла сваё ўжо 35-цігоддзе. Але ейнае месца ў барацьбе за «Крыштальны глобус» – толькі трэцяе. Лідарка рэйтынгу, суайчынніца Ласілы Дэньел Скот у Менску сталася другою. У хлопцаў не было роўных кітайцам. Усе тры месцы пʼедэсталу занялі яны, а першынстваваў Ўан Сінь Ды, які апярэдзіў лідара агульнага заліку Ці Гуан Пу. Ён наперадзе ўсіх і ў агульным падліку ўсіх фрыстайлавых дысцыплінаў. Наступным разам найлепшыя паветраныя акрабаты свету будуць спаборнічаць у Маскве 4-га сакавіка. А 9-га і 10-га іспанская Сьера Нэвада прыме чэмпіянат свету.

«Шахцёру» зноў далі адлуп

Юбілейны, 25-ты рэгулярны сезон адгулялі ў Экстралізе нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па хакеі з шайбаю. А першыя матчы раўнду плэй-оф адбылІся ў суботу. І практычна без нечаканасцяў.

Чвэрцьфінальным супернікам чэмпіёна – менскага «Юнацтва» – сталася моладзевая зборная Беларусі, якая ў гэтым сезоне вярнула сабе права гуляць у эліце сусветнага хакею сярод 20-цігодак. Праўда, ужо істотна парэзаная – найбольш таленавітых і заўважных разабралі па клубах. Сёння «Юнацтва» перамагло 6:1. «Гомель» адолеў жлобінскі «Металург» 3:0, а ў іншым абласным дэрбі гарадзенскі «Нёман» прадказальна быў пераканальным у двубоі з «Лідаю» 6:0. І салігорскі «Шахцёр» усцяж не стваральны. Чарговая параза, цяпер у оўвэртайме, ад «Дынама» (Маладзечна). Паўторныя двубоі серыяў – у нядзелю, 26-га лютага, таксама ў Менску, Гомлі, Горадні і Салігорску.