Агляд спартовых навінаў 16.08.2016


Алімпіяда: Беларусь

Беларусь атрымала ў сваю скарбонку яшчэ адзін бронзавы медаль. Джавід Гамзатаў, 26-гадовы лезгін з Дагестану, які ўжо амаль 10 гадоў жыве ў нашай краіне і выступае за яе, узняўся на ніжнюю прыступку пʼедэсталу гонару ў спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе ў вагавой катэгорыі да 85 кілаграмаў. У нашай дружыны, такім чынам, ужо 5 медалёў, і, маючы ўзнагароды кожнай вартасці, Беларусь, тым не менш, толькі 34-я ў агульным заліку. А ЗША даўно паставілі на канвеер сваю медалёвую моц. Удзень у аўторак «зорна-паласатыя» мелі 77 узнагародаў, з якіх 27 – залатыя. На цэлых дзесяць перамог больш, чым у пераследніцы – Вялікай Брытаніі. У яе 41 медаль агулам, менш на пяць, чым у Кітаю, але адно дадатковае золата мае ў запасе перад азіятамі.

Алімпіяда: лёгкая атлетыка

Непараўнальная полька Аніта Владарчык скокнула на вяршыню алімпійскага пʼедэсталу гэтак упэўнена і пераканальна, што нават не заўважыла канкурэнтак у кіданні молата. 31-гадовая нарадзінка Равічу з вынікам 82 метры 29 сантыметраў і блізка не падпусціла да сябе пераследніцу. І была моцна натхнёная, выпусціўшы молат, бо бачыла, што паспяхова перакрые свой папярэдні рэкорд, пастаўлены на радзіме.Больш за тое, усталявала новыя сусветны ды алімпійскі рэкорд. Кітаянка Ўэнь Сю Чжан стала срэбнаю прызёркаю, саступіўшы больш як пяць метраў. Але і з таго павінная быць задаволена, бо ў Лондане на мінулых Гульнях заняла трэцюю пазіцыю. Беларуска Ганна Малышык прабілася ў фінал і прынесла Беларусі заліковыя пункты. Але час узнімацца на пʼедэстал для 22-гадовай атлеткі яшчэ не настаў. Малышык заняла сёмае месца.

Футбол

Нарадзінец польскага Глівіцэ, але ўжо здаўна жыхар Нямеччыны Лукаш Падольскі абвесціў пра заканчэнне сваёй міжнароднай карʼеры, якая цягнулася 12 год. 129 матчаў за нацыянальную дружыну – трэці вынік пасля Лтара Матэўса ды Мірослава Клёзэ. І 48 праведзеных мячоў. Ўвогуле, Падольскі дэбютаваў за Нямеччыну яшчэ ў 2004-м, адкінуўшы намаганні Радзімы Польшчы загуляць яго за сябе пасля таго, як зʼехаў з яе тэрыторыі ў двухгадовым узросце. І быў прызнаны найлепшым маладым гульцом Чэмпіянату свету-2006, які, акурат, прайшоў у Нямеччыне.

Фота – Getty Image