Агляд спартовых навінаў 12.02.2017


Агляд спартовых навінаў 12.02.2017 .

Сямейны п’едэстал

Два медалі рознага гатунку на чэмпіянаце свету па біятлоне адправіліся сёння ў дзве краіны, Беларусь і Нарвегію, але застануцца ў адной сямʼі. У аўстрыйскім Гохфільцэне трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дарʼя Домрачава заваявала срэбра, а ейны муж Уле Эйнар Б’ёрндален стаў уладальнікам бронзы.

Арганізатары прапанавалі спартоўцам сёння дзве гонкі пераследу. Адразу на дыстанцыю 10 кіламетраў па выніках спрынту выйшла прыгожая палова. Домрачава мела 27-ы стартавы нумар і адставала ад Габрыелы Коўкалавай, якая пайшла першая, амаль на паўтары хвіліны. Аднак Даша прадэманстравала добрую хуткасць па лыжні, закрыла ўсе 20 талерак мішэні ды фінішавала другая. Да золата: якое з адным промахам узяла немка Ляўра Дальмаер, беларусцы не хапіла 12-ці секундаў. Замкнула тройку чэшка Габрыела Коўкалава. Надзея Скардзіна – 19-я, Ірына Крыўко – 45-я. Такі прарыў Домрачавай на пʼедэстал стаў найлепшым у гісторыі гонак пераследу на планетарных першынствах. У мужчынскім пэрсьюце лідараваў француз Мартэн Фуркад, далей размясціліся два нарвежцы: Ёганэс Бё і Уле Эйнар Б’ёрндален. Цяпер на чэмпіянаце – два дні перапынку, а 15-га лютага адбудзецца жаночая індывідуальная гонка.

Упершыню ў паўфінале

Парадавала сёння нашых заўзятараў і беларуская жаночая тэнісная каманда, якая ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў паўфінал сусветнай групы Кубка Федэрацыі. Пасля ўчорашняга дня ў супрацьстаянні са зборнаю Нідэрландаў была нічыя 1:1, а сёння беларускі выгулялі дзве адзіночныя і парную сустрэчы.

Першымі на корт «Чыжоўка-арэны» выйшлі першыя нумары дружынаў, Аляксандра Сасновіч і Кікі Бэртэнс. Упартай барацьбы тут не атрымалася, і наша суайчынніца спачатку выгуляла першы сэт 6:3, а ў другой партыі аддала суперніцы 4 геймы. Далей за справу ўзялася наша 18-гадовая Арына Сабаленка, якая за адну гадзіну і 38 секундаў нанесла паразу 7:6, 6:4 Міхаэле Краічэк. Тым самым агульны лік матчу стаў 3:1, а з ім і з’явлася пуцёўка ў паўфінал.

Парная сустрэча аказалася фармальнасцю, аднак і яе беларускі выгулялі: наш дуэт Вольга Гаварцова / Вера Лапко быў мацнейшы 6:4, 6:2 за тандэм Сіндзі Бурхэр / Аранча Рус. За выхад у фінал Кубка Федэрацыі нашыя дзяўчаты паспрачаюцца 22-га красавіка з пераможцамі пары Швейцарыя – Францыя.

Медалі гарналыжнікаў

На чэмпіянаце свету па лыжных гонках, што праходзіць у швейцарскім Санкт-Морыцы, вызначылі лёс двух камплектаў узнагародаў. Гаспадар трасы Бэат Фойц заваяваў залаты медаль у хуткасным спуску. Канадзец Эрык Гэй да перамогі ў супергіганце заваёўвае яшчэ і срэбра, замкнуў тройку аўстрыец Макс Франц.

Жанчыны сёння выяўлялі наймацнейшую таксама ў хуткасным спуску. Проста бліскуча выступіла славенская гарналыжніца Ілка Штухэц, якая хутчэй за ўсіх пераадолела трасу і паказала час адна хвіліна, 32 цэлыя і 85 сотых секунды. Аднак на перадапошнім адцінку дыстанцыі спартоўка саступала прадстаўніцы Аўстрыі Штэфані Вэнір, якая, дарэчы, узяла тут срэбра. Але канцоўка ў выкананні Штухэц атрымалася выдатная. Нарэшце медаль, цяпер бронзавы, заваёўвае легендарная Ліндзі Вон, якая вярнулася на трасу, аднавіўшыся ад траўмы. Пасля супергіганта і камбінацыі, дзе амерыканка яшчэ даволі няўпэўнена трымала палку ў правай траўмаванай руцэ, аказалася далёка ад п’едэсталу, і ў ейны поспех мала хто верыў. Аднак сённяшняя ўзнагарода Вон – сапраўдны подзвіг.