Агляд спартовых навінаў 11.08.2016


Алімпіяда: Беларусь

У першым матчы сённяшняга дня на баскетбольным жаночым алімпійскім турніры зборная Беларусі не дала рады ў двубоі з Турцыяй. Тройчы вёўшы з розніцаю 8 пунктаў цягам другой чвэрці, беларускі стаміліся ўжо напрыканцы трэцяй дзесяціхвілінкі, калі апошні раз зраўнялі вынік, а затым толькі прагульвалі ды пацярпелі паразу 71:74. І цяпер мізэрны шанец прабіцца ў чвэрцьфінал будзе толькі ў выпадку нерэальнай на сёння перамогі над Аўстраліяй у суботу.

Уладзімір Самсонаў

Уладзіміру Самсонаву не ўдалося выгуляць паўфінальны матч алімпійскага турніру-2016 супраць кітайца Чжана Цзі Кэ, які перамог нашага лідара ў пяці сэтах у чацвер і 11-га ж жніўня згуляе матч за золата супраць Ма Луна. Самсонаву ў барацьбе за трэцяе месца будзе супрацьстаяць Дзюн Мідзутані з Японіі, які ў першым паўфінале саступіў першай ракетцы планеты – кітайцу Луну – 2:4. Ва ўсялякім разе мы дакладна будзем мець абноўлены максімум дасягнення беларускай зборнай на Гульнях у Рыа. Да Самсонава ў чацвёрку наймацнейшых ніхто не прабіваўся.

Васіль Кірыенка

Амбіцыяў, імпэту і звычайных фізічных сілаў беларускага раварыста Васіля Кірыенкі, дзейнага чэмпіёна свету ў індывідуальнай гонцы на час, хапіла толькі на 17-е месца ў заездзе з падзельным стартам на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра. Затым наш сцяганосец выказаўся пра тое, што Алімпіяда яго не надта цікавіць, што аддае перавагу прафесійным роварным гонкам-шматдзёнкам і са спакойнаю душою праз пару дзён едзе да сям’і на марскі адпачынак.

Алімпіяда: роварныя гонкі

Яшчэ адзін прыклад стойкасці і ўпартасці ў задавальненні сваіх амбіцыяў і настойлівага дасягнення пастаўленай мэты праявіла амерыканская раварыстка Крыстын Армстранг, якая заваявала трэці залаты алімпійскі медаль у гонцы на час. Жанчына пакінула спорт у 2009-ым, пасля перамогі ў Пекіне-2008, каб стварыць сям’ю, але шчасліва вярнулася да сваёй справы ў Лондане, а працягнулася прага да перамогі ў Рыа-дэ-Жанэйра. Армстранг стала першаю спартоўкаю, якой удалося выгульваць адну і тую ж дысцыпліну на шашы на трох Алімпіядах запар. Яна падзякавала ўдаламу спалучэнню зорак на небе і дапамозе сваёй каманды тут, на зямлі.

Алімпіяда: медальны залік

На дзень чацвярга ў амерыканцаў было па 11 залатых і срэбных узнагародаў, а яшчэ 10 – бронзавых. Усяго 32 медаля. 25 п’едэсталаў ужо ў Кітаю, а першых месцаў – 10. На трэцюю пазіцыю ў медальным заліку ўзнялася Японія з шасцю перамогамі.

Алімпіяда: Казахстан

Шокам назвала агенцтва «Ройтэрз» два залатыя медаля Казахстану, якія гэтая цэнтральнаазіяцкая краіна заваявала цягам адной гадзіны. Прычым казахі страцілі цэлых пяць алімпійскіх тытулаў пасля пераправярання допінг-пробаў, узятых на Алімпіядах у Пекіне і Лондане. Прычым адзін – у плаванні. Дзмітрый Баландзін хвацка выгуляў дыстанцыю 200 метраў брасам. Крыху раней першым пераможцам з Казахстану на Гульнях у Рыа стаў цяжкаатлет Ніджат Рагімаў з сусветным рэкордам у вагавой катэгорыі 77 кілаграмаў. Апроч таго, у казахаў 2 срэбры і тры бронзы.

Фота – Getty Images / Lars Baron