Аб'ектыў 10.12.2016 Агляд спартовых навінаў 10.12.2016


Першы медаль беларусаў

Ажно дзевяць спартоўцаў рэпрэзентуюць нашую краіну на 13-ым чэмпіянаце па плаванні на «кароткай» вадзе, што праходзіць у спартова-забаўляльным цэнтры канадскага Ўіндзару на месцы размяшчэння хакейнай лядовай арэны. Раней Ілля Шымановіч палепшыў нацыянальны рэкорд на 100-метроўцы брасам на дзевяць сотых секунды, а 9-га снежня Павел Санковіч стаўся бронзавым прызёрам у заплыве на 50 метраў на спіне. Хаця ў вызначальны старт выхаванец Генадзя Вішнякова прабіўся з другім часам.

Фуркад зноў пакінуў усіх з носам

Мужчынскую гонку пераследу на другім этапе Кубка свету па біятлоне ў славенскай Паклюцы выгуляў у суботу той, хто і стартаваў першы пасля спрынту – француз Мартэн Фуркад. Другім гэтым разам фінішаваў нарвежац Эміль Гэгле Свэнсэн, якому таксама ўдалося быць трапным на ўсіх чатырох агнявых рубяжах і з адставаннем усяго шэсць секундаў. Трэці – расеец Антон Шыпулін з адным штрафным колам напрыканцы. Што сказаць пра беларусаў? Найвышэйшы Раман Ялётнаў стартаваў 41-ым, скончыў дыстанцыю 43-ім, атрымаўшы цэлых пяць колаў пакарання.

Узлёт Ірыны Крыўко

У жаночай гонцы на 10 кіламетраў немка Ляўра Дальмаер зноў найлепшая, нягледзячы на дзве хібы пры стральбе. Кайса Мякярэйнэн з Фінляндыі скокнула з чацвёртага месца на другое з тым жа поспехам у стрэлах, а чэшка Эва Пускарчыкава восьмае месца змяніла на трэцяе прызавое. Прадстаўніца Беларусі Надзея Скардзіна з 14-ай пазіцыі апусцілася на 16-ую, а Ірына Крыўко скокнула з 33-га месца на 18-ае. У нядзелю – класічныя мужчынская і жаночая эстафеты.

Фота wikipedia.org

Глядзі таксама
Каментары