Агляд спартовых навінаў 10.08.2016


Алімпіяда: Майкл Фэлпс

Амерыканскі плывец Майкл Фэлпс, як і чакалася, не прыпыніўся на дасягнутым абсалютным рэкордзе Алімпіядаў – 19 заваяваных залатых медалёў – і мінулае ночы стрэліў – нават дуплетам. Неверагодна, але ў свой 31 год балтымарац паспеў яшчэ двойчы ўзняцца на найвышэйшую прыступку пʼедэсталу гонару. Спачатку Фэлпс выгуляў 200 метраў стылем батэрфляй, а затым фінішаваў першы разам з камандаю ў эстафеце 4 па 200 метраў кролем. І гэта яшчэ не фініш удзелу рэкардсмена свету і Алімпіядаў на Гульнях у Рыа.

Алімпіяда: медальны залік

У сераду зноў перамагла непараўнальная і магутная, ужо тут рэкардсменка свету Кэтлін Ледэкі ў плаванні на 200 метраў вольным стылем. І назбіраўшы яшчэ чатыры залатыя ўзнагароды разам з раварысткаю Крыстын Армстранг, ЗША пераканальна ўмацаваліся на першым месцы ў медальным заліку, маючы 10 залатых і 27 агулам узнагародаў. У Кітаю 8 першых месцаў і толькі 17 медалёў разам. А на трэцяе месца скочыла Вугоршчына, якая абышла Аўстралію пры роўных чатырох перамогах за конт адзінага срэбра, якога ў пераследніцаў дагэтуль няма.

Алімпіяда: тэніс

Праўда, і гэта зразумела, амерыканскай дружыне шчасціць не заўсёды. Іх наймацнейшая за ўсе часы тэнісістка Серына Джаміка Ўільямз не дакрочыла нават да чвэрцьфіналу. У трэцім раўндзе першая ракетка свету падарыла неверагоднае шчасце Эліне Світолінай, саступіўшы 20-й у рэйтынгу нарадзінцы Адэсы і жыхарцы Харкава, прычым, неяк, без належнай канкурэнцыі. Украінка святкавала нечаканы поспех у гульні з двухразоваю трыумфатарскаю Алімпіядаў у асабістых турнірах 6:4, 6: 3 усяго за гадзіну і 12 хвілінаў. У сераду 10-га жніўня 21-гадовая Світоліна сустрэнецца ў чвэрцьфінале з чэшкаю Пэтрай Квітавай.

Фота – Getty Images / David Ramos