Агляд спартовых навінаў 01.08.2016


Футбол

У межах 16 туру чэмпіянату краіны па футболу ў найвышэйшай лізе былі згуляныя тры матчы. «Крумкачы» ў Бабруйску атрымалі валявую вікторыю над «Белшынай», 2:1, у гасцей дубль на рахунку Вячаслава Глеба. Дзякуючы гэтай перамозе яны ўзняліся на трэці радок турнірнай табліцы. Яшчэ ў дзвюх сустрэчах былі зафіксаваныя нічыйныя вынікі: «Віцебск» і «Менск» разышліся мірам 0:0, а «Шахцёр» і «Гарадзея» – 2:2.

Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» працягвае ўзмацняцца ў перыяд міжсезоння КХЛ. Сёння абвесцілі, што кантракт з клубам падпісаў адзін з найлепшых хакеістаў нашай краіны Сяргей Касціцын. Нападнік мае за спінаю шэраг гадоў, праведзеных у наймацнейшай лізе планеты НХЛ, дзе абараняў колеры «Манрэаль канадыенз» і «Нэшвіл прэдатарз». Сяргей у мінулым сезоне правёў 51 матч, дзе закінуў 10 шайбаў і аддаў столькі ж галявых перадачаў.

Тэніс

Новак Джокавіч стаў пераможцам буйнога тэніснага турніру «Мастэрз» у канадскім Таронта. Серб, першая ракетка свету, у фінальным двубоі перамог у двух сэтах – 6:3, 7:5 – японца Кэя Нісікоры, які ў планетарным спісе АТП на шостым радку. Таксама ў Канадзе, але ўжо ў Манрэалі, праходзіў турнір жаночай тэніснай асацыяцыі, а яго пераможцай стала Сімона Халеп. Румынка, пятая ракетка свету, у матчы за ганаровы трафей нанесла паразу амерыканцы Мэдысан Кіз, якая ў спісе ВТА на 12-ым радку.

Формула 1

Чарговы этап чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формула 1» «Гран-пры Нямеччыны», які прайшоў на трасе «Гокенг Аймрынг», выгуляў трохразовы чэмпіён планеты пілот каманды «Мэрсэдэс» Льюіс Гэмілтан. Два другія месцы на подыўме занялі прадстаўнікі «Рэд Булу» Дэньел Рык’ярдо і Макс Вэрстапэн.

Алімпіяда

Да пачатку летняй Алімпіяды–2016 засталося 5 дзён, а з Раа-дэ-Жанэйра працягваюць паступаць непрыемныя навіны. Услед за праблемамі ў бытавым плане ў алімпійскай вёсцы, і пажарам у доме, дзе жыла дэлегацыя Аўстраліі, непрыемнасці прынесла непагадзь. Пасля шторму часткова абрынулася прыстань для спаборніцтваў па ветразевым спорце, пачатак якіх запланаваны на 8-га жніўня. Таксама не абышла бура бокам і нашых калегаў тэлевізійнікаў, затапіўшы студыю тэлебачання на пляжы Капакабана. Паведамляецца, што ў выніку гэтых інцыдэнтаў ніхто не пацярпеў.

Фота – Аніта Занковіч