Агітацыя пачынаецца


Кандыдаты зарэгістраваныя, час на агітацыю. З чым і якімі палітычнымі сцежкамі збіраюцца ісці сёлетнія кандыдаты на прэзідэнта да выбарцаў?

«Спадзяюся, там нідзе няма дзірачкі!..»

Сваю першую прэс-канферэнцыю ў якасці кандыдата на прэзідэнта Андрэй Дзмітрыеў даў, патанаючы ў глеі сажалкі ў сталічным Тучынскім скверы. Паводле лідара кампаніі «Гавары праўду», гэта самая вялікая прастора ў адным з шасці дазволеных уладамі месцаў для агітацыі ў Менску.

«Сюды ні даехаць, ні дайсці. Тут ёсць разбураны кінатэатр «Сучаснік», які разбурылі, нібы гэта інвест-праект – пасля зніклі грошы, і цяпер гэта стаіць разбуранае. І гэта сімвалічна. І каб звярнуць увагу, што гэта не ўмовы для выбараў. Гэта ўмовы для ціхага перапрызначэння Лукашэнкі», – тлумачыць Дзмітрыеў.

Пад перадвыбарчую агітацыю ўлады двухмільённага Менску вызначылі толькі шэсць пляцовак, большасць з якіх – у малалюдных месцах далёка ад цэнтру гораду. Зрэшты, падобная карціна – і ў іншых гарадах краіны. На мінулых выбарах агітаваць можна было амаль паўсюль.

«Улады не далі магчымасці праводзіць усе мерапрыемствы там, дзе гэта было б цікава і спадручна і людзям, і кандыдатам. Таму на пікеты не робім стаўкі. Будзем больш павялічваць сваю працу ў інтэрнэце», – дзеліцца планамі Алег Чумакоў, прэс-сакратар кандыдата на прэзідэнцтва Сяргея Чэрачня.

А вось кандыдатку на прэзідэнцтва Ганну Канапацкую сціплы выбар пляцовак для агітацыі не бянтэжыць. Палітык збіраецца аб’ехаць усе раёны краіны, а таксама настойваць на прынцыпе роўнасці ўсіх кандыдатаў. Маўляў, калі штосьці дазволена Лукашэнку, то чаму нельга астатнім?

«Я, безумоўна, буду пісаць заявы на правядзенне сустрэчаў на буйных прадпрыемствах. І так, я паеду на БелАЗ! І, канешне, я буду зноўку звяртацца да кіраўніцтва Менскага трактарнага заводу, якое адмовіла мне ў зборы подпісаў, матывуючы гэта складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, аднак на наступны дзень пусціла туды чамусьці іншага кандыдата – дзейнага кіраўніка дзяржавы», – абураецца Канапацкая.

Пра свой план агітацыйнай кампаніі паабяцала журналістам неўзабаве распавесці і кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская. Адзінае, што на гэты момант зразумела: планы будуць супольныя з незарэгістраванымі прэтэндэнтамі Віктарам Бабарыкам і Валерам Цапкалам.

Адзіны з пяці зарэгістраваных кандыдатаў, дзейны кіраўнік краіны шырокім жэстам адмаўляецца ад нейкай агітацыйнай кампаніі. Маўляў, тлумачыць палітолаг Сяргей Нікалюк, мне няма часу балбатнёй займацца – я тут працую, не пакладаючы рук! Між тым, калі адкінуць убок шырокія жэсты, то застаецца пытанне: дык а як агітаваць? Чым пахваліцца за 26 гадоў гэтай «кіпучай» працы на найвышэйшай пасадзе з практычна неабмежаванымі магчымасцямі?

«Не праводзіць выбараў, а слушней казаць галасавання, гэтая ўлада не можа. І яна не можа ў ім паўнавартасна ўдзельнічаць: па-першае, справаздачыцца аб ранейшых сваіх выніках, паведамляць пра свае планы. Менавіта таму – невыпадкова – у нас сёлета не было прэзідэнцкага паслання, і пакуль няма аніякай інфармацыі, ці адбудзецца Усебеларускі народны сход», – заўважае Нікалюк.

Калі няма чым пахваліцца, то можа папросту зноўку што-небудзь паабяцаць?

«Цягам многіх гадоў, калі раслі даходы насельніцтва, галоўнаю абяцанкаю быў рост зарплаты ў доларавым эквіваленце. Да выбараў 2010 г. паабяцалі 500 долараў і назвалі гэта святою лічбаю. Сёння абяцаць нейкія новыя лічбы папросту бессэнсоўна, таму што рэальна яны будуць падаць», – прагназуе палітолаг.

А таму, заўважае палітолаг, адзіная тэма, на якую цяпер актыўна спекулюе Лукашэнка, – незалежнасць краіны. Вось толькі ці гэткай рыторыкі ад кандыдатаў чакаюць беларусы? Жыхары Менску:

«Каб была свабода, каб мы не баяліся выходзіць на вуліцу і выказваць сваё меркаванне. Каб нашыя дзеці не баяліся».

«Каб праўду казаў, сумленны быў».

«Я б хацела пачуць пра перамены ў краіне, то бок нейкія рэформы, нейкія змены».

«Што ні абяцай – аднолькавы вынік. Таму я ніколі не ўдзельнічаў і не буду ўдзельнічаць».

«Бяспеку і свабоду».«Добрую будучыню. І стабільная абстаноўка».

«Не трэба нічога абяцаць. Хай зробіць сумленныя выбары».

«Яны нічога не могуць паабяцаць, каб я за іх голас аддаў. Таму што аніводны з кандыдатаў, за якіх я б прагаласаваў, не прайшоў. Што цяпер рабіць? Уладу змяняць!»

Агулам на агітацыю кандыдатаў выдзелена 25 дзён. Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 9 жніўня.

Валера Руселік, «Белсат»

Фота: vk.com/dzmitryeu