Агітацыя абʼяднанага штабу на Віцебшчыне прайшла з аншлагам


Жыхары Браслава, Паставаў, Мёраў, Шаркаўшчыны, Докшыцаў ды ўласна самога адміністрацыйнага цэнтру. Блізу паўтары тысячы прыхільнікаў абʼяднанага штабу прыйшлі на сустрэчу ў Глыбокім. Гэткіх масавых мітынгаў 18-тысячны горад не бачыў за ўсю гісторыю сучаснай Беларусі.

«Я вельмі ўдзячная, што яны знайшлі час (працоўны дзень усё ж), знайшлі магчымасць прыйсці і падтрымаць нас. З кожным горадам нас гэта ўсё больш і больш натхняе, і мы разумеем, што мы ідзем правільным шляхам», – распавяла кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Чарговы раз Святлана Ціханоўская падкрэсліла: прэзідэнцкіх амбіцыяў не мае. Ейная мэта – перамагчы, каб цягам паўгода правесці новыя сумленныя выбары.

«Чаго яшчэ можна чакаць у нашай краіне, як не пераменаў? Бо сітуацыя, асабліва ў малых гарадах, катастрафічная. Ні заробкаў, ні працы».

«Новай хочацца, свежай будучыні, калі не для сябе, дык хаця б для дзяцей».

«Я, у сваю чаргу, чакаю, каб мае дзеці не зʼехалі, каб тыя, хто зʼехаў, вярнуліся, каб людзей не абражалі, не білі, каб мы маглі зрабіць свой выбар».

Ісці да канца кандыдатка на прэзідэнцтва не баіцца, нягледзячы на пагрозы і рэпрэсіі ў дачыненні мужа. Дзяцей Святлане дапамаглі вывезці за мяжу. Часова зʼехаў у Маскву разам з дзецьмі і Валер Цапкала. Ад знаёмых праваахоўнікаў палітыку стала вядома, што сілавікі атрымалі загад арыштаваць яго. Прадстаўнікі ж пракуратуры днямі прыходзілі ў школу, дзе вучацца дзеці Цапкалаў.

«Мне патэлефанавалі людзі, неабыякавыя беларусы, і сказалі: ты ведаеш, мы не хочам падпісваць гэтых папераў, але нас прымушаюць. Нас прымушаюць, і мы не ведаем, што рабіць. Але ты ведай, што збіраюць штосьці кепскае супраць цябе. І наступны крок – гэта пазбаўленне цябе бацькоўскіх правоў», – кажа прадстаўніца штабу Валера Цапкалы Вераніка Цапкала.

На пікеты ў Наваполацку і Віцебску прыйшлі тысячы. Нягледзячы на тое, што пляцоўкі для агітацыі, прапанаваныя ўладамі, месцяцца не ў цэнтры, а на ўскрайку.

«Я ёй давяраю і прыйшла яе падтрымаць. Таму я тут».

«Цяпер проста думаюць, што ўсё нармальна, нічога кепскага не адбываецца, не трэба ні ў чым удзельнічаць, а сядзець удома, усё будзе нармальна. Але нармальна нічога не будзе. Трэба мяняцца».

«Прыйшла падтрымаць і паказаць, што такіх людзей, як мы, хто хоча пераменаў у нашай краіне, шмат, што мы ёсць».

Цікаўнасць да сёлетняй выбарчай кампаніі па ўсёй Беларусі толькі ўзмацняецца.

«Я сачу за выбарамі, буду галасаваць за Ціханоўскую, мне цікава, што яна кажа на пікетах і гэтак далей».

«Ніколі такога не было, як цяпер. Народ усхваляваны, ён перажывае, і хацелася б лепшага нават не для кандыдатаў, а таго, што хоча народ».

«Цалкам сачу за хадою кампаніі, прамовы тыя, што я бачыў, мне спадабаліся. Ціханоўская, напрыклад: тое, што па тэлебачанні паказалі, было цікава».

На актыўнасць людзей чарговы раз адрэагаваў кіраўнік краіны. Лукашэнка заявіў, што з вулічных пратэстаў пачынаюцца майданы, а пасля і войны. І дадаў, што вайсковыя падраздзяленні добра падрыхтаваныя на выпадак эскалацыі супраціву.

Юлія Лабанава, «Белсат»