Адраджэнне беларускага сцягу ў 100-годдзе Слуцкага паўстання


«Слуцкі збройны чын» 100 гадоў таму, а «Нацыянальна мірны пратэст» – цяпер. Праз стагоддзе пасля тых легендарных падзеяў ізноў назіраем нацыянальны ўздым і любоў да беларушчыны – мовы, герба і сапраўднага беларускага сцягу.

«Зярняткі ў ромбе – сімвал зерня, – расшыфроўвае арнамент на ручніку грамадская актывістка Ніна Багінская. – я вышыла, каб у нашай краіне не было голаду », – кажа. Беларускасць да косці – гэта ёсць веды і ўжо праз іх – шанаванне каранёў, ды бясстрашнае змаганне за ідэнтычнасць. Спадарыня Ніна – прыклад грамадзянкі, якая выходзіць са сцягам на ўсе беларускія падзеі, і на якую палюе міліцыя.

«Я ім (міліцыянтам) адказваю, што хлопцы, акцыі няма, гэта сцяг наш нацыянальны, і потым, якая ж гэта акцыя, калі я тут фактычна адна, прыйшла ўшанаваць, вось прысвяткі Святога Міхаіла, а там – фашысцкая ўлада, Думайце, каму служыць – народу ці фашыстам».

Адна са сцягам – пад будынак КДБ, і пад шэраг сілавікоў, і часта – потым – адна ў суд за пікетаванне… Сёлета Ніна Багінская дачакалася, калі вакол яе – сотні тысячаў беларусаў з гістарычным сцягам у руках і супраць не прызнанага ў свеце легітымным кіраўніка краіны. Схаваная пасля рэферэндуму 1995 года сімволіка аздобіла пратэставую хвалю.

«Гэта сімвал нашае веры ў перамены», «пасля 9 жніўня 2020 года гэта сцяг нашай краіны», – кажуць менчукі «Белсату».

Больш шырокае разуменне раскрываюць іншыя:

«Б-ч-б сцяг – гэта сцяг нашых продкаў, нашай Радзімы, гэта сапраўдны сцяг».

«Гэта гістарычная каштоўнасць – як мінімум».

«Сцяг – гэта абарона. Чырвоны – святая кроў Ісуса Хрыста, а белы – гэта святасць. Таму нашая сіла ў святасці».

«Я ведаю пра яго вельмі даўно. Гэта калабарнцкі сцяг, сцяг фашыстаў», – кажа мужчына, які прытрымліваецца пазіцыі дзяржавы.

Лукашэнка напярэдадні заявіў: «Я ж не хаджу пад фашысцкімі бел-чырвона-белымі сцягамі. Я адкрыта кажу, што гэта фашысцкая сімволіка».

Зрабіць з пратэстоўцаў фашыстаў – не так проста. Бо б’юць, гвалцяць, катуюць і забіваюць людзей – акурат абаронцы ўлады Лукашэнкі пад ягоным сцягам.

Б-ч-б сімволіка ў гісторыі Беларусі моцна звязаная са змаганнем за незалежнасць і за ідэнтычнасць, якое вялося за часамі Беларускай Народнай Рэспублікі, і ў прыватнасці пад час Слуцкага паўстання, стагоддзе якога святкуем 27 лістапада.

«З сённяшнім днём яго параўнаць нельга, – кажа метадолаг Уладзімер Мацкевіч. – Сацыяльнай падтрымкі, узброенай сілы, паўстанцы канешне не мелі. Гэта быў акт безвыходнасці».

Змаганне за перамены, распачатае ў 2020-ым годзе, не мае агнястрэльнае збоі. Ягоная зброя – салідарнасць, і аб’яднаныя ёю людзі выходзяць, насуперак масавым палітычным рэпрэсіям. Разам з імі, і з гонарам за іх, ідзе ў калоне Ніна Багінская – аўтарка лозунгу «Я – гуляю» і адная з натхняльніц непаўторных жаночых маршаў. Кажа – праз сімволіку моладзь прыйдзе да беларускасці.

«Яны ж прынцыпова супраць Лукашэнкі, яны выкрыкваюць лозунгі «Лукашэнка – у аўтазак», «Лукашэнка – сыходзь!». Робяць гэта свядома. Будуецца чалавечая гістарычная нацыянальная этнічная супольнасць», – лічыць актывістка.

Паводле ацэнак, якія для «Белсату» рабілі шэраг палітолагаў і дасведчаных палітыкаў, распачатае мірнае змаганне за дэмакратычную Беларусь вымагае часу і настойлівасці.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Бахвалава («Белсат»), Дар’я Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY). Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх. Куды пісаць:

  • Кацярына Бахвалава: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
  • Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!