Аб'ектыў 26.06.2019 Адпачынак на 20 з 21 менскіх пляжаў можа быць небяспечны для здароўя


Паводле інфармацыі санітарнай службы, праверку не прайшло ажно 20 гарадскіх пляжаў з 21, сярод якіх і Менскае мора, і Цнянскае вадасховішча ды іншыя.

Спёка ў разгары. А ў Менску застаўся толькі адзін пляж, на якім сталічная санстанцыя дазваляе купацца без абмежаванняў. Вада, як кажуць, квітнее, а праз гэта плаванне можа нашкодзіць здароўю. Ці зважаюць менчукі на вынікі даследаванняў санстанцыі?

Камсамольскае возера – улюбёнае месца для адпачынку менчукоў. Паводле санстанцыі, плаваць тут небяспечна, аднак шыльдаў пра гэта нідзе няма. Сюды прыходзяць паасобку і сем’ямі, і пра абмежаванні ў купанні ніхто не ведае.

Наведнікі пляжу Камсамольскага возера кажуць:

«Кепская навіна, толькі ад вас пачуў. Я так люблю адпачываць на вольным паветры, плаваць, загараць».

«Першы раз ад вас чую. Нідзе ніякай інфармацыі. Ну, купацца не буду, тут душ ёсць».

«Я адмыслова паглядзела. Нідзе інфармацыі такой няма».

Паводле інфармацыі санітарнай службы, праверку не прайшло ажно 20 гарадскіх пляжаў з 21, сярод якіх і Менскае мора, і Цнянскае вадасховішча ды іншыя. Толькі на пляжы № 5 у Драздах можна купацца. Аднак інфармацыя ёсць не ва ўсіх.

Дзяніс Чашун, кіраўнік ратавальнай станцыі адзначыў:

«Афіцыйнай паперы пра тое, што ў некаторых месцах забароненае купанне, у нас няма. Купаецца наш народ, нават больш становіцца».

Звычайна вадаёмы закрываюць пакрысе, паводле змянення экалагічнай сітуацыі. Сёлета ж абмежавалі купанне амаль ува ўсіх. Наталля Парэчына, каардынатарка праектаў Цэнтру экалагічных рашэнняў, патлумачыла:

«У нас было мала дажджоў, было суха. І такія ўмовы садзейнічаюць таму, што ў вадаёмах размнажаецца флора, мікраарганізмы, якія могуць выклікаць розныя захворванні».

На сайце санстанцыі інфармацыя пра бяспечнасць менскіх вадаёмаў была ў панядзелак, а ўжо ў аўторак – знікла. Удакладніць сітуацыю можна праз тэлефон санстанцыі +37517-202-08-61.

Санітары правяраюць стан пляжаў кожны тыдзень і могуць падоўжыць ці прыняць абмежаванне на купанне. Улічваецца не толькі якасць вады, а яшчэ прыбіральняў, дарог ды іншае. Калі вы не хочаце пашкодзіць здароўе падчас адпачынку, правярайце інфармацыю загадзя.

Марыя Грыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары