У гэтую нядзелю ў Беларусі міліцыянты затрымалі амаль 1300 чалавек, з тых тысяч што выйшлі ўшанаваць памяць менчука Рамана Бандарэнкі, які памёр у шпіталі пасля жорсткага затрымання. Сёння ў сталіцы і іншых гарадах ішлі адміністратыўныя суды над затрыманымі за пятніцу, суботу і нядзелю. Як заявіла прэс-служба МУС, «арганізатары пратэсту цынічна выкарысталі факт смерці Рамана Бандарэнкі ў сваіх мэтах».
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб арганізацыі або актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Так верныя Лукашэнку сілавікі адрэагавалі на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі па ўсёй Беларусі. Таксама распачалі і крымінальныя справы аб хуліганстве. Колькі фігурантаў – пакуль не паведамляюць.
Сёння ў Менску пад ізалятарам на завулку Акрэсціна людзі шукалі сваіх сваякоў або чакалі вынікаў адміністратыўных судоў.
«Ён мне сказаў: мама, я выходжу. Я сказала: добра, сынок, выходзь. Гэта твой палітычны пункт меркавання. І ты мусіць абараняць свае правы і правы свайго народу»,– кажа Алена пра свайго сына Рамана, затрыманага ў Менску на праспекце Дзяржынскага.
Галіна Стральчэня, учора чакала свайго мужа Сяргея Стральчэню пад Цэнтральным раённым аддзелам міліцыі. Тыя, каго адпускалі з пратаколам, казалі, што ў пастарунку іх не білі, а толькі падчас затрымання і ў аўтазаках.
«Вельмі шмат было затрыманых і з маленькімі дзеткамі, і 4 хуткіх туды пад‘яжджала. У кагосьці быў каронавірус – у адкрытую казаў, сцякаў потам без маскі, на хуткай вывезлі», – распавядае Галіна.
Вольгу затрымалі разам з мужам на вуліцы Альшэўскага, але з Фрунзенскага райаддзелу сталіцы адпусцілі толькі яе. Кажа, што ў пастарунку міліцыянты паводзіліся карэктна. Але не з усімі.
«Калі выйшла, я чула крыкі. Я разумела, што кагосьці б‘юць», – узгадвае Вольга.
У беларускіх судах атрымаць інфармацыю аб затрыманых сёння зноўку было складана. Арышты – да 15 дзён, а максімальны штраф выпісалі пінчуку Аляксандру Рамановічу – 1350 рублёў за ўдзел у пінскай акцыі памяці.
«Я з‘яўляюся апекуном у брата, таму ён мне не мог накруціць суткі арышту, але даў мне 50 базавых штрафу», – тлумачыць Рамановіч.
Суды цяпер праходзяць і ў ізалятарах, і ў аддзелах міліцыі.
«Большасці далі базавыя, каму 5, каму 10. Мне далі 10 базавых. Быў хлопец, якому далі 10 дзён арышту. У асноўным штрафы«, – кажа гамяльчанка Кацярына, затрыманая ў нядзелю.
У Горадні ў ізалятары на вуліцы Гая сёння асудзілі толькі 7 чалавек. Лекар Антон Прудко кажа, што міліцыянты ставіліся да яго спакойна:
«Нас размясцілі, раздалі маскі ўсім. Прычым сказалі маскі браць з запасам».
Але ў Бабруйску сваякі затрыманых сутыкнуліся са шкодніцтвам з боку міліцыі.
«Я хацеў перадаць бацьку рэчы цёплыя, бо ў яго праблемы са здароўем сур’ёзныя. Мне сказалі, што нельга, што трэба дачакацца суду ў панядзелак», – кажа Данііл, сын затрыманага Андрэя Сініцы.
Не ўзялі перадачу і ў панядзелак.
Народны мемарыял Раману Бандарэнку ў Бабруйску быў знішчаны ў нядзелю ранкам.
«Гэта ўсё новае. А старое раскідалі і вывезлі. Гэта не па-божаскі», – абураецца жыхарка Бабруйску.
Але сёння бабруйцы зноўку прынеслі кветкі, знічкі і партрэты Рамана Бандарэнкі да помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў.
Яраслаў Сцешык, «Белсат»