«Ад нас уцякалі, баяліся прывітацца за руку». Ліквідатары – пра жыццё пасля Чарнобылю


Наступствы начнога выбуху на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986-га забралі, паводле САЗ, жыцці тысячаў – і змянілі соцень тысячаў людзей. Успаміны перасяленцаў і ліквідатараў – у матэрыяле Яна Бабіцкага.

У адным з дамоў на вуліцы Рафіева ў Менску некалі даў прытулак тым, хто мусіў уцякаць ад чарнобыльскай бяды з Гомельшчыны і Магілёўшчыны. За трыццаць гадоў яны абжыліся ў сталіцы і прызвычаіліся да вялікага гораду. Аднак дасюль у памяці носяць той дзень, які, як самыя кажуць, перавярнуў і падзяліў іхнае жыццё на дзве часткі: да Чарнобылю і пасля яго.

«Мы ўвесь час жылі на нервах, думалі толькі аб адным: як выратаваць нашых дзяцей, ім было 4 і 6 гадоў», – кажа перасяленка Надзея Меляшкевіч.

Аднак гэта аказалася далёка няпроста. Пераважная большасць жыхароў забруджаных радыяцыяй тэрыторыяў даведалася пра катастрофу толькі праз некаторы час. Афіцыйныя звесткі з’явіліся не адразу.

«Фактычна нам ніхто нічога не тлумачыў, – кажа перасяленец Віктар Меляшкевіч. – Праз 2 ці тры тыдні пачалі кідаць у паштовыя скрыні таблеткі з ёдам. Але не было ніякіх інструкцыяў».

Як аказалася пазней, час замоўчвання савецкімі ўладамі маштабаў небяспекі аварыі на Чарнобыльскай АЭС аказаўся сапраўдным забойцам.

«Мы пачалі ачышчаць усё забруджанае: дах, шыбы – усё змывалі. Ачышчалі школу і ўсё вакол школы. Гэта рабілі настаўнікі, вучні і іх бацькі», – прыгадвае перасяленец Міхаіл Маркусенка, былы настаўнік.

Выбух на 4-ым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС здарыўся ўначы. На атамным аб’екце пачаўся пажар. У выніку аварыі адбыўся выкід у навакольнае асяроддзе ізатопаў урану, плутонію, ёду, цэзію і стронцыю. Радыяцыя закранула больш за 60 % тэрыторыі сучаснай Беларусі. Паводле адной з версіяў, прычынаю аварыі стаўся няўдалы эксперымент, які праводзілі на атамнай станцыі.

«Там была няправільная эксплуатацыя – яны хацелі палепшыць паказнікі», – кажа Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі.

Першыя ўзялі ўдар на сябе працаўнікі станцыі ды мясцовыя пажарныя. Менавіта сярод іх былі і першыя смяротныя ахвяры. Наступныя дні ды месяцы на чарнобыльскую АЭС прыбывалі ўсё новыя ліквідатары.

«Чалавек разумеў, што трапіў у незвычайную сітуацыю, – узгадвае ліквідатар Сяргей Шалькевіч. – Мы параўноўвалі з фронтам. Там страляюць, там трэба баяцца снайпераў або міны. Тут вораг быў усюды. І ён быў нябачны».

Агульная колькасць ліквідатараў катастрофы склала прыблізна 600 тысячаў. Пасля вяртання дамоў іх чакала таксама нялёгкае жыццё: цяжкія хваробы і непаразуменне з боку іншых.

«Кожны ліквідатар вам распавядзе, як ад нас уцякалі, баяліся прывітацца за руку, праціралі лаўкі, на якіх мы сядзелі», – кажа Сяргей Шалькевіч.

Дзяржава паставілася да гэтых людзей яшчэ больш жорстка: беларускіх ліквідатараў пазбавілі амаль усіх ільготаў.

Ян Бабіцкі