Ад 1 снежня інтэрнэт-рэсурсы абавязаныя ідэнтыфікаваць каментатараў на сваіх старонках


Калі вам нешта не падабаецца ў дзеяннях уладаў з тарыфамі ды коштамі, ведайце, што ад 1-га снежня ў нас будзе менш магчымасцяў гэта абмеркаваць. Бо заўтра набываюць моц змены ў Закон аб СМІ, праведзеныя Міністэрствам інфармацыі.

Зірнем на асноўныя палажэнні закону, якія істотна паўплываюць на нашае жыццё.

Ад 1-га снежня інтэрнэт-рэсурсы абавязаныя ідэнтыфікаваць каментатараў на сваіх старонках. А чытачам, каб пракаментаваць артыкул, трэба рэгістравацца праз тэлефонны нумар і СМС. Як паказала практыка, гэты спосаб не працуе для чытачоў за мяжой. Прычым урад паведаміў пра магчымасць тэлефоннай рэгістрацыі толькі тыдзень таму, і медыі не паспелі падрыхтавацца.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Мы ведаем, што шмат беларускіх сайтаў зачынілі магчымасць каментавання, і, напрыклад, старонка baj.by таксама гэтак зрабіла. Мы не хочам збіраць асабістых звестак людзей і потым раскрываць іх нейкім органам».

Да таго ж цяпер уладальнікі інтэрнэт-рэсурсаў адказваюць за ўсё, што трапіць на старонку: і за артыкулы, і за блогі, і за рэкламныя банеры, і за каментары карыстальнікаў. Дастаткова, каб тролі пакінулі каментар з забароненай інфармацыяй, каб сайт атрымаў штраф ці быў заблакаваны.

«У дзяржавы з’явіліся рычагі блакавання замежных сайтаў, прыцягнення да адказнасці як каментатараў, гэтак і рэдакцыяў», – гаворыць Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Прычым блакаваць будуць без суда і следства, калі інтэрнэт-рэсурс распаўсюджвае забароненую інфармацыю, напрыклад, ад імя не зарэгістраванай у Беларусі палітычнай арганізацыі або з заклікам да змены ўлады.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

«Усе захады, якія ўводзяцца, дазваляюць уладам яшчэ больш кантраляваць інтэрнэт і яшчэ больш мець магчымасцяў для ўплыву, асабліва ў 2019–2020 гадах, калі нас чакаюць вялікія электаральныя кампаніі».

Пры гэтым патрэбы блакаваць усіх у чыноўнікаў няма. Дастаткова блакаваць самых актыўных і запужаць нейтральных, каб грамадзяне маглі чытаць толькі тое, што дазволілі ў Міністэрстве інфармацыі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu