Абвалілася некалькі метраў адноўленага муру Крэўскага замку


У Крэўскім замку абвалілася частка кансервацыйнай муроўкі. Абвал заўважыў фатограф Сяргей Гапон, які часта бывае на замку ў пошуках прыгожых кадраў.

«Падчас аднаго такога абыходу свайго маёнтку, скажам так, заўважыў пэўныя недакладнасці на толькі што закансерваванай частцы сцяны», – распавядае мясцовы жыхар і фатограф Сяргей Гапон.

Сёння на замак прывезлі рабочых, якія пачалі разбіраць завал. Старыя муры не пацярпелі. Абвалілася толькі частка сцяны, узведзеная летась. Адноўленая летась паўночна-заходняя сцяна мае амаль 100 метраў даўжыні ды на асобных участках дасягае 10-ці метраў увышыню. Яе накрылі двухсхільным дахам. Кіраўнік археалагічнага нагляду на замку ўжо звярнуўся ў «Белрэстаўрацыю».

«Гэты скрайні ўчастак, скрайні фрагмент паўночна-заходняга муру, сцяны Крэўскага муру, ён дарабляўся ў канцы мінулага года. Якраз першыя маразы, і відаць, што там гэтая частка была трохі падмарожаная. І плюс яно ж на канцы муру, і туды забівалася вільгаць, вада, ападкі», – тлумачыць Алег Дзярновіч, кіраўнік археалагічнага назірання на Крэўскім замку.

Іх замарожванне і размарожванне магло прывесці да абвалу. Алег Дзярновіч дадае:

«Да такіх аб’ектаў трэба падыходзіць больш комплексна на ўзроўні праектавання і працаў».

Аўтэнтычныя муры таксама працягваюць рассыпацца, і гэта заўважна. Летась на зямлі вакол замку сабралі ўсе камяні, яны пайшлі ў аднаўленне сцяны. Фатограф Сяргей Гапон:

«Цяпер, пасля зімы, калі прайсціся ўздоўж замку, ізноў гэтая сцежка – куча камянёў, якія пасля зімы наваліліся з замку. Гэта такая праблема, яе можна развязаць і не складана, што новая муроўка абвалілася. А тое, што сыплецца аўтэнтычны замак, гэта ўжо большай увагі патрабуе».

Планавалася, што сёлета на частцы сцяны, якая бліжэй да замкавай вежы, будуць узводзіцца баявыя галерэі ды пачнецца аднаўленне паўночна-ўсходняй сцяны. Аднак пытанне з фінансаваннем дасюль не вырашанае.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu