Абаронцы Курапатаў будуць не толькі ахоўваць, але і імпрэзаваць


Рэстарацыі на касцях не быць! Абаронцы Курапатаў настроеныя рашуча, але не агрэсіўна. Актывісты не збіраюцца пакідаць вахты ля непажаданай страўні, але пільнаваць, каб яна не адчынілася будзе не надта цяжка, бо будзе шмат творчых імпрэзаў.

Прыходзіць штодня, каб не дапусціць адкрыцця блюзнерскай установы. Абаронцы Курапатаў распачынаюць штодзённую тыднёвую вахту ля ўваходу сумнавядомага рэстаранна-лазневага комплексу «Паедзем, паядзім». На кожны дзень запланавалі адмысловую творчую імпрэзу.

«Заўтра мы плануем правесці такую акцыю малюнкаў на асфальце перад гэтым «Бульбаш Холам», у сераду а 18:00 – паэтычную вечарыну, паэтычную абарону Курапатаў. У чацвер – акцыю «Не паеду, не паем», – кажа Павел Севярынец.

У пятніцу абаронцы размесцяць на плоце будынку інфармацыйныя стэнды, а ў суботу ды нядзелю да рэстарацыі пад’едуць барды і мастакі.

«Месца хіба мала на Беларусі, каб кабак адчыніць?! Трэба менавіта тут. Будзем бараніць, будзем змагацца! Ім будзе цяжка працаваць нармальна», – кажа актывістка Вольга Мікалайчык.

Паводле абаронцаў Курапатаў, найлепшым варыянтам было б перадаць комплекс пад будынак музею сталінскіх рэпрэсіяў. У выпадку невыканання такога патрабавання адзіным варыянтам быў бы знос рэстарацыі, будоўлю якой незаконна пачалі ў 2012-ым годзе на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў ахоўную зону.

Не губляюць абаронцы Курапатаў і надзеі выйсці на кантакт з уладальнікамі.

«Спрабаваць усё ж такі выйсці на дыялог, нейкія спрэчкі, можа быць на маральны чыннік», – кажа актывіст Алег Корбан.

Вось толькі ці рэальна паразумецца з гэтым маральным чыннікам?

На нашае пытанне, ці не бянтэжыць рэстаратараў суседства з Курапатамі, прадстаўніца комплексу рэагуе надзвычай нервова.

«Гэты тэлефон, ён не для гэткіх пытанняў, размоваў. Я не абавязаная вам адказваць на гэткія пытанні. Калі вы хочаце зарэзерваваць столік, прыйсці да нас паабедаць, то тэлефануйце, калі ласка», – заявіла працаўніца рэстарану.

Калі ўстанова адкрыецца, рэстаратары не ведаюць. І просяць патэлефанаваць заўтра.

Выглядае, што ўвогуле адмовіцца ад ідэі бізнесу ля могілак яны не хочуць – у браму комплексу ўвесь час заяжджае тэхніка з прадуктамі. Але абаронцы гатовыя да раптоўнага адкрыцця і абяцаюць…

«Замаўляць столікі, пісаць розныя скаргі, прапановы. Даведвацца імёны афіцыянтаў, кіраўніцтва, даводзіць гэта ўсё да абсурду і рабіць усё магчымае, каб гэтая ўстанова пайшла на банкруцтва», – кажа Алег Корбан.

Актывісты спадзяюцца: грамадству ўдасца перамагчы несумленных прадпрымальнікаў. Пагатоў абаронцы Курапатаў ужо маюць досвед перамогі – летась ім удалося спыніць будоўлю бізнес-цэнтру на подступах да народнага мемарыялу.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu