Аб'яднаная грамадзянская партыя ўзялася за праблему шкоднай вытворчасці ў Магілёве


Чаму ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» працуюць, ды яшчэ і атрымліваюць ільготы шкодныя прадпрыемствы? За здароўе і супраць карупцыі актыўна падпісваюцца жыхары Магілёўшчыны. Збіраюць подпісы сябры Аб’яднай грамадзянскай партыі, каб накіраваць ва ўсе датычныя інстанцыі.

У 3 дні сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі сабралі палову подпісаў за тое…

«Каб дырэкцыя Свабоднай эканамічнай зоны адсправаздачыліся перад насельніцтвам, чаму ў СЭЗ набудавалі так шмат шкадлівых прадпрыемстваў. А таксама патрабуем ад Пракуратуры, каб яна разабралася ў сувязях між чыноўнікамі і дырэктарамі гэтых шкодных вытворчасцяў», – кажа Таццяна Сівачэнка, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Партыйцы падхапілі сумневы магілёўцаў у тым, што мясцовыя хімічныя вытворчасці бескарупцыйна праціснуліся ў свабодную эканамічную зону «Магілёў».

«Іх на 10 гадоў вызвалілі ад падаткаў, а праз 10 гадоў яны будуць аплочваць 50% падаткаў. А гэта хімічна шкодныя прадпрыемствы. Яны мусяць плаціць утрая больш, таму што забруджваюць навакольнае асяроддзе», – гаворыць Уладзімір Шанцаў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Ініцыятыўнай групе не даводзіцца тлумачыць жыхарам, што ім дае завод «Омск Карбон» і яшчэ некалькі хімічных вытворчасцяў.

«Вельмі істотна павялічылася колькасць дзяцей з алергіяй, гэта першае. Па-другое мы адчуваем у сябе ў Бароўцы эфекты Омск Карбону ранкам і ўвечары, таму не хацелася б каб дзеці дыхалі гэтай гадасцю».

«І падваконні там чорныя і на гародах увесь снег чорны, Вядома гэта не прыемна».

«Вялікая колькасць рэспіратарных захворванняў і іншых звязаныя з забруджваннем навакольнага асяроддзя».

«І зямлю труцяць і ўсё на свеце! Каб я жыла там побач у вёсцы – выходзіла б з транспарантамі супраць таго што там будуецца», – кажуць жыхары Магілёва.

Жыхарам найбліжэйшых да СЭЗ мясцовасцяў, як гарадок Вейна, не пазайздросціш. ВЕЕ і смярдзіць то клеем, то нечым саладкавым. Былі і транспаранты і безліч спрэчак з уладаю і дырэктарамі заводаў. «Я з больніцы не вылажу з-за іхнага заводу, а зараз нават не пушчаюць да сябе пагаварыць!» – скардзіцца жыхар Вейна на мясцовую вертыкаль. У кабінеты трэба прарывацца, а там завераць, што ўсталявалі фільтры, ступень улоўлівання адкідаў якімі складае 99,99 %. Пачуўшы лічбу, мясцовыя смяюцца.

«Прадпрыемства «Омск Карбон» сітуацыю пагаршае. Справа ў тым, што тэхнічны вуглярод, які трапляе ў атмасферу, працуе як сарбент – уцягвае ўсе астатнія шкодныя рэчывы і потым людзі гэта будуць удыхаць», – кажа Леанід Платоненка, грамадскі актывіст.

Мясцовая ініцыятыва «За здаровы Магілёў» праз інтэрнэт-платформу «Зручны горад» збірае подпісы дзеля накіравання ў Генеральную пракуратуру, патрабаванні падобныя, як у партыйцаў з АГП.

Адказ на першую петыцыю актывістаў акурат прыляцеў з Міністэрства прыроды: «У Мінпрыроды на сённяшні дзень няма падставаў для прыняцця захадаў па спыненні прац па ўзвядзенні аб’екта «Омск Карбон» і пераносе яго ў іншае месца». А праца ўсіх прадпрыемстваў СЭЗ адпавядае патрабаванням заканадаўства… Замеры на шкоднасць робяць вось на станцыях у 5 кіламетрах ад вытворчай зоны, а людзі жывуць менш чымся ў кіламетры ад яе!

«Там жа знаходзіцца прадпрыемства аграпрамысловага комплексу »Вейна«, які вырошчвае ўсе віды сельскагаспадарчых культур, якія ідуць на прылаўкі гораду», – гаворыць Леанід Платоненка.

Землі ж вакол прамысловай плошчы запаханыя пад зерневыя культуры на харчаванне скаціне, якая дае мясцовым малако, яйкі і мяса.

«Спадар пражывае на Вейна», – звяртаецца да яго суседка з натоўпу, – «Можна вам задаць пытанне, бо мы з вамі пражываем у адным доме? Вас не зачапіла? Ну скажыце шчыра!»

Юлія Цяльпук, belsat.eu