Менскую коўзанку пераробяць у сталоўку


Фігурнае катанне – не хакей. А таму замест дзвюх коўзанак для дзяцей у адной з менскіх лядовых арэнаў мае з’явіцца сталоўка – на патрэбы Другіх еўрапейскіх гульняў. Чатыром сотням юных спартоўцаў запрапанавалі… патрываць восем месяцаў.

Лядовых арэнаў у нас шмат, а вось сталовак, відаць, бракуе. Крытая коўзанка на праездзе Каралінскім у Менску можа зрабіцца ўнікальным месцам, дзе лёд растане ўзімку. А на яго месцы паўстане сталоўка для ўдзельнікаў летніх Еўрагульняў.

Бацькі выхаванцаў школы алімпійскага рэзерву: «З аднаго боку, кажуць, што трэба развіваць школу фігурнага катання – аж да акадэміі, а тут літаральна праз тыдзень адбываецца вось такая сітуацыя».«Больш за ўсё абурае, што з намі не хочуць размаўляць, з намі размаўляла нават не кіраўніцтва СДзЮШАР».

Выхаванцы адзінай у краіне. Школы алімпійскага рэзерву па фігурным катанні займаліся ў гэтым будынку больш за 5 гадоў і да гэткіх зусім не спартовых выпрабаванняў пакуль не гатовыя.

«Я буду вельмі сумаваць па іх. Вельмі хвалююся і не хачу, каб яго зачынялі».

Першую з дзвюх коўзанак павінныя былі зачыніць ужо ў бліжэйшы панядзелак, другую – праз месяц. Аднак дзякуючы розгаласу ў медыях справу адклалі на нявызначаны тэрмін. Нягледзячы на гэта, да будаўнічых працаў працягваюць рыхтавацца. У руках невядомых – праектныя планы будынку і каталогі пакрыццёвых матэрыялаў, аднак…

Куды больш паінфармаванымі выглядаюць чыноўнікі. Яны пацвярджаюць, што абедзве коўзанкі зачыняць. Але калі – невядома.

Сяргей Фурманаў, дырэктар СДзЮШАР па фігурным катанні: «Дзяцей ніхто нікуды не выганяе. Дзеці на вуліцы не апынуцца. Усе дзеці будуць забяспечаныя лядовай падрыхтоўкаю. Бацькі няхай не хвалююцца, у нас сацыяльна арыентаваная дзяржава».

Прапановы ўладаў простыя: пацясніцеся, прыпыніце заняткі або разыдзіцеся па іншых коўзанках! Бацькі ж больш як чатырох соцень выхаванцаў абіраюць чацвёрты варыянт: пішуць лісты ў пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Маўляў, васьмімесячны перапынак – гэта велізарны тэрмін для дзяцей. Узгадваюць і іншыя праблемы.

Сяргей Южык, «Прессбол»: «У нас уся сістэма дзіцяча-юнацкага спорту выбудаваная няправільна. Таму такія правалы. Спартовую гімнастыку мы ўжо даўно згубілі. У шмат якіх відах спорту – легіянеры. Бо свае не растуць нават у тых відах [спорту], якія ў нас, здавалася б, падтрымліваюцца актыўна. Той жа біятлон».

А не растуць, бо дзеля выніку з дзяцей выціскаюць усе сокі ўжо ў раннім узросце, тлумачыць Сяргей Южык. І замест развязання сістэмных праблемаў уладам, відаць, прасцей стварыць яшчэ адну.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»