91% украінцаў лічаць карупцыю адной з найбольшых праблемаў краіны


Паводле місіі МВФ ва Украіне, менавіта карупцыя тармозіць рост валавога ўнутранага прадукту на 2 адсоткі за год. Перамог на антыкарупцыйным фронце ад Украіны чакаюць і ў Еўразвязе, і за акіянам. Зрэшты, вынішчэнне карупцыі на ўсіх узроўнях было адною з мэтаў і прыярытэтаў Майдану. За чатыры гады з’явіліся тры новыя структуры для барацьбы з карупцыяй, а яе ўзровень толькі вырас. Адкуль такая супярэчлівасць?

Згодна з апошнім агульнанацыянальным апытаннем на тэму карупцыі, 91 % украінцаў лічыць яе сур’ёзнай, а больш за 60 адсоткаў – самаю сур’ёзнай праблемай, якая замінае развіццю Украіны. Усведамленне сур’ёзнасці за год вырасла на 20 %.

Чаму барацьба з карупцыяй не скранаецца з месца? Большасць рэспандэнтаў (61 %) тлумачаць: тыя, хто маюць змагацца з ёю, самі карумпаваныя:

«Калі б хацелі, даўно б яе перамаглі».

«Карупцыянеры змагаюцца з карупцыянерамі. Але лепш не стала, стала горш».

Каб выяўляць злачынцаў і злачынныя схемы, ва Украіне напоўніцу працуюць тры адмысловыя структуры – антыкарупцыйнае бюро, агенцтва па перадухіленні карупцыі ды антыкарупцыйная пракуратура. Дарэчы, іх стварэнне было адною з умоваў надання Украіне бязвізу.

Калі на найніжэйшым узроўні карупцыю расследуюць паліцыя ды пракуратура, гэтак званай топ-карупцыяй займаецца антыкарупцыйнае бюро. Дэтэктывы вядуць справы супраць міністраў, іхных намеснікаў, дэпутатаў, суддзяў. Гучны выпадак адбыўся ў Адэсе, калі дэтэктывы прыйшлі на вобшук да суддзі Аляксея Бурана, а той, карыстаючыся сваёй недатыкальнасцю, спачатку адстрэльваўся ад іх, а потым выскачыў у вакно і намагаўся збегчы.

«Гэта было ўвесну, а восенню ў заканадаўства былі ўнесеныя змены, і суддзі страцілі імунітэт. Цяпер, калі суддзя робіць злачынства, яго можна затрымаць. Аднак ёсць яшчэ імунітэт народных дэпутатаў, і мы кажам пра тое, што гэта ўскладняе працу следчых», – тлумачыць Святлана Аліфіра, Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро.

Перашкода ў працы НАБУ і тое, што бюро не мае права самастойна ажыццяўляць праслухоўванне. Аднак найбольшая праблема – гэта няскончаны цыкл: як бы спраўна ні працавалі ўсе тры антыкарупцыйныя ўстановы, без адмысловага суда няма ні выракаў, ні гучных пакаранняў.

«Часам, напрыклад, бок абароны выступае з хадайніцтвам, каб зачытаць увесь абвінаваўчы акт, як гэта адбываецца ў эпізодзе газавай справы і датычыць экс-кіраўніка дзяржаўнай службы. Абвінаваўчы акт складае больш за 700 старонак», – распавядае Святлана Аліфіра, Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро.

Зачытваюцца гэтыя старонкі ўжо амаль год, а абвінавачаны пад закладам ходзіць па волі і нават хоча балатавацца на прэзідэнцтва. Карупцыю лёгка параўноўваць з хваробаю, паралелі праводзяцца самі сабою і ў дыягностыцы, і ў прызначэнні лекавання. Вось толькі адзін прыклад.

«Мы пастанавілі вызначыць, дзе ёсць карупцыйныя пункты ў кожным міністэрстве, і працаваць з імі. Перамовы трывалі месяцаў па 4–5, і да кожнага міністэрства мы выбралі па 5 мерапрыемстваў, усяго 83», – кажа Аксана Вялічка, каардынатарка «Разам супраць карупцыі».

Ініцыятыва «Разам супраць карупцыі» – адзін з прыкладаў супрацы дзяржавы і грамадскага сектару. Апроч вонкавага ўздзеяння, антыкарупцыйны орган ёсць і ўнутры кожнага міністэрства. Працаўнікі адпаведнага сектару мусяць папярэджваць карупцыйныя злачынствы.

«У нас было некалькі выпадкаў, пра якія мы адразу паведамілі, і Нацыянальнае агенцтва ў пытаннях папярэджання карупцыі склала пратаколы, і справа ёсць прадметам судовага разгляду», – гаворыць Вольга Гурына, Міністэрства рэгіянальнага развіцця.

Антыкарупцыйны ж суд, стварэння якога ўжо два гады чакае Украіна, калі верыць прэзідэнту Парашэнку, мае з’явіцца найпазней на пачатку 2019 года.

Адэля Дубавец, belsat.eu