82 гады дзяржава не ўшаноўвае памяць расстраляных паэтаў


У ноч на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях менскае турмы НКВД было знішчана больш за 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі – паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў. Расстрэльная ноч адбылася 82 гады таму, але дасюль памяць аб тых, кім мела ганарыцца нацыя, дзяржава не ўшаноўвае. Ушанаванне праходзіць выключна сіламі грамадскіх актывістаў і неабыякавых беларусаў.

Парк Чалюскінцаў, Лошыцкі яр, станцыя «Менск-таварны», месца былой вёскі Цівалі і ўрочышча Благаўшчына – толькі некаторыя месцы, дзе хавалі бязвінна закатаваных. Дэмакратычныя актывісты сёння наведваюць гэтыя месцы памяці.

«Калі па-людску, то трэба было б наведаць усе мясціны, якія мы хоць бы ведаем, бо нават у Менску мы ведаем не ўсе – іх больш за 15. Але ж сілаў на гэта сёння проста не стае. І пры цяперашняй уладзе нават нельга правесці іх мемарыялізацыю – вы ж бачыце, што яны робяць з Курапатамі», – кажа адзін з арганізатараў, лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Ва ўрочышчы Курапаты паводле розных ацэнак свой зямны шлях скончылі ад 40 да 200 тысячаў мірных грамадзянаў. І да сёння гэтае ўрочышча пад Менскам – месца жалобы, але і змагання за памяць закатаваных. 2 гады таму грамадска-палітычныя актывісты адстаялі Курапаты ад блізкай пабудовы бізнесовага і гандлёвага цэнтру. Некалькі з іх другі год трымаюць варту каля рэстарацыі «Паедзем паядзім», што паўстала ў былой ахоўнай зоне ўрочышча. Увесну тут адбыўся так званы крыжалом – прыбралі дзясяткі крыжоў памяці.

«Крыжалом у Курапатах – яскравае сведчанне таго, што ўлада перайшла гэтую мяжу чалавечнасці, гуманнасці. І казаць пра ўшанаванне памяці тут не выпадае», – тлумачыць адна з абаронцаў, актывістка ініцыятывы «За абарону Курапатаў» Ганна Шапуцька.

Колькасць закатаваных у гады сталінскага тэрору не паддаецца вылічэнню з прычыны закрытасці архіваў НКВД-КГБ. Аднак нават адкрытыя звесткі даюць падставу меркаваць пра сотні тысячаў бязвінна закатаваных – такія меркаванні гучалі падчас брыфінгу «Расстраляная Беларусь».

«Калі мы кажам пра рэпрэсіі, то часта кажам пра эліту культурную, вайсковую, палітычную – яна ўся была знішчаная. Але ўсё ж самая асноўная маса – 80–90 % – гэта самыя простыя людзі: сяляне, працоўныя, іх змушалі падпісваць пратаколы, якія яны нават не маглі прачытаць», – распавядае архівіст, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Зміцер Дрозд.

Ці жыве памяць пра масавыя рэпрэсіі савецкага часу ў мінакоў на вуліцах сённяшняга Менску.

«Усё чулі, добра ведаем пра тыя рэпрэсіі. Лепш не пытайцеся… Памятаем шмат, але гэта цяжкія ўспаміны».

«Гэта было яшчэ пры Савецкім Саюзе – з тае пары, як адбылася рэвалюцыя. Узгадваць гэта ўсё – жудасна вельмі».

«Былі такія падзеі ў гісторыі. Таму трэба памінаць нашых продкаў, тых, хто за гэта пацярпеў. Нельга забываць».

Шанаванне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі праходзіць больш за 30 гадоў – ад першага масавага шэсця ў Курапаты на Дзяды ў 1988 годзе. А 12 гадоў таму грамадскасць заклікала і ўлады Беларусі вызваліцца ад спадчыны сталінізму: на дзяржаўным узроўні прызнаць 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, аднак тыя адмовіліся.

«Мы адсталі ад нашых суседзяў з былога Савецкага Саюзу роўна на 25 гадоў: у нас няма ні дня памяці, ні належнага ўшанавання – нават пастанова Савету Міністраў БССР ад 1989 года аб ушанаванні памяці рэпрэсаваных ва ўрочышчы Курапаты выкананая толькі ў адным пункце праз 29 гадоў – усталяваны памятны знак. А там жа было і даручэнне Акадэміі навук: скласці кнігі і падручнікі, шмат чаго іншага на ўшанаванне памяці. За 30 гадоў не зроблена нават таго, што было прынята на заканадаўчым узроўні», – кажа гісторык, даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў.

Жалобныя імпрэзы да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў грамадскасць працягне 31 кастрычніка вечарам паэзіі, які пройдзе на менскай пляцоўцы «ОК». 3 лістапада адбудзецца традыцыйнае жалобнае шэсце на Дзяды ў Курапаты.

Галіна Абакунчык belsat.eu