9 і 10 гадоў зняволення для няпоўнагадовых. Тры новыя прысуды па наркатычным артыкуле 328


Чарговы прысуд паводле 328 крымінальнага артыкулу агучыў Суд Менскага раёну. Чаму пакаранне за ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў застаецца празмерна жорсткім, не зважаючы на прынятыя Палатаю прадстаўнікоў папраўкі да артыкулу?

«Вітаю, дарагая матуля, у мяне ўсё нармальна, спадзяюся, ты ўжо атрымала мой ліст, і ён хоць крыху праясніў для цябе сітуацыю», – чытае ліст Алена Яцкевіч.

Яна ўжо чатыры гады чакае свайго сына з папраўчай калоніі. Яго, тады 21-гадовага, затрымалі з 30 грамамі «спайсаў» – сінтэтычных наркотыкаў. Маладзёна асудзілі на 9 гадоў, пасля апеляцыі Вярхоўны Суд змяніў вырак на 8.

«Ні адбіткаў, ні факту перадачы, усё атрымліваецца са словаў. Калі б гэта была на 100 % доказная база, я б напэўна не змагалася б так за свайго сына, а проста змірылася б», – кажа спадарыня Алена.

Суд не ўзяў пад увагу, што ў Дзмітрыя інваліднасць другой групы. Цяпер жанчына бачыць свайго сына толькі 6 разоў за год. У гэтую пятніцу яна едзе да яго ў Івацэвічы на сустрэчу. І збірае адну з чатырох штогадова дазволеных перадачаў.

«Маечкі такога плану. У нас на ІК дазваляюць і каляровыя», – збірае рэчы жанчына.

Жорсткія прысуды працягваюцца. Сёння Суд Менскага раёну прыгаварыў трох няпоўнагадовых да 10 і 9 гадоў зняволення за распаўсюд наркотыкаў у складзе арганізаванай групы. З улікам амністыі, тэрмін скарацілі на два гады. Такім чынам, двое атрымалі па 8 год, адзін хлопец – 7.

«10 год для хлапчука 15-гадовага – гэта максімальны тэрмін, які можна даць няпоўнагадоваму. 10 гадоў, то бок ім давалі максімальна. Атрымліваецца так сёння, што забіць чалавека – і ты атрымаеш менш», – абураецца праваабаронца Валер Шчукін.

Усе трое хлопцаў былі затрыманыя летась 1 лістапада. З таго часу яны перабывалі ў Жодзінскім СІЗА. У крымінальнай справе фігуравала 44 эпізоды закладак. Паводле матэрыялаў следства, вага максімальнай закладкі – 54 грамы, мінімальнай – менш за адну дзясятую грама. Двое хлопцаў віны не прызналі, адзін прызнаў часткова.

«Я быў на ўсіх паседжаннях суда, слухаў усіх, доказаў іх віны няма. Нічога не было даказана, ні групы, ні факту продажу, ні факту атрымання грашовых сродкаў», – кажа праваабаронца.

На сёння паводле наркатычнага артыкулу 328 у Беларусі асуджаныя прыблізна 17 тысячаў чалавек. Шмат хто атрымаў вялікія турэмныя тэрміны – ад 8 гадоў. Але што адбываецца з няпоўнагадовымі, калі яны трапляюць за краты? Паводле псіхолага, падлеткаў арыштоўваюць у вельмі важны перыяд сталення.

«Даспяванне кары галаўнога мозгу, пабудова лагічных сувязяў, пабудова нейкіх ланцужкоў, якія адказваюць за ўсведамленне, што будзе, калі… Яны гэтаму не навучаюцца, у іх не знаходзіцца такога досведу, і, як правіла яны жывуць адным днём, не задумваючыся пра наступствы», – кажа псіхолаг Алена Чарнякевіч.

Маці асуджаных паводле наркатычнага артыкулу неаднаразова спрабавалі звярнуць увагу на несуразмернасць пакарання. Збіралі подпісы, праводзілі галадаванне і хадзілі на сустрэчы з чыноўнікамі.

13 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін – пазбаўленне волі – скарацілі на 2 гады. Але бацькі падсудных паводле наркатычнага артыкулу паслаблення не заўважылі.

Наста Кахановіч, belsat.eu