Аб'ектыў 01.08.2019 75 гадоў Варшаўскага паўстання


Пайшлі паміраць у надзеі стаць свабоднымі. Сёння ўся Польшча замерла на адну хвіліну дзеля памяці пра Варшаўскае паўстанне. Гераічны, але адначасова трагічны ўчынак, жорстка здушаны нацыстамі пры бяздзейнасці Саветаў.

63 дні гонару і адчайнага супраціву. 1 жніўня 1944 года распачалося Варшаўскае паўстанне. У барацьбе з нямецкім акупантам жыхары польскае сталіцы засталіся сам-насам. Саветы не толькі спынілі наступ, але нават забаранілі амерыканскай і брытанскай авіяцыі выкарыстоўваць савецкія базы для дапамогі паўстанцам.

З дазволу польскага ўраду ў эміграцыі, указ аб пачатку паўстання выдаў генерал Тадэвуш Камароўскі, галоўны камендант Арміі Краёвай. Мэта – вызваліць сталіцу ад нацыстаў і сустрэць наступ Чырвонай Арміі ва ўжо вызваленай Варшаве, каб краіна не трапіла пад прыгнёт іншае таталітарнае дзяржавы.

«Я, 18-гадовы, пасля добрага навучання, быў намеснікам кіраўніка дружыны з 15 чалавек. Цягам першых некалькі гадзінаў загінула 6 маіх блізкіх сяброў», – узгадвае палкоўнік Эўгеньюш Тырайскі, віцэ-старшыня Звязу Варшаўскіх паўстанцаў.

Гісторыкі падлічваюць, што на пачатку паўстання зброю меў толькі кожны дзясяты ўдзельнік. Душачы ж паўстанне, нацысты пачалі без разбору знішчаць цывільнае насельніцтва Варшавы.

«Гітлер, калі даведаўся пра выбух паўстання, сказаў, што Варшава павінная быць пакараная, для прыкладу [іншым]. (…) Гісторыя была сведкам, тут расстрэльвалі палонных, тут закопвалі людзей зажыва», – казаў сёння падчас свайго выступу Рафал Тшаскоўскі, прэзідэнт Варшавы.

Найбольш вусцішна сітуацыя выглядала ў варшаўскім раёне Воля. Тут нямецкія нацысты разам з калабарантамі з Расейскай вызваленча-народнай арміі і двух азербайджанскіх батальёнаў цягам тыдня знішчылі да 65 тысячаў цывільных. Забівалі ўсіх: старых, жанчын, дзяцей. Агулам у Варшаве загінула да 200 тысячаў цывільных, яшчэ 150 тысячаў трапілі ў канцлагеры. Але страты вымяраліся не толькі ў людзях.

Сёння, калі мноства турыстаў прыязджае ў Варшаву і цешыцца выглядам старога гораду, шмат хто нават і не здагадваецца, што ўсе гэтыя камяніцы, муры, палацы і касцёлы – рэканструкцыя, адбудаваная па вайне з нуля. Бо немцы пасля сябе пакінулі суцэльныя руіны.

Гітлераўцы мэтанакіравана нішчылі польскую культурную спадчыну. Сярод польскіх гісторыкаў ёсць рознагалоссі наконт таго, ці слушна было пачынаць паўстанне ў тых умовах. Але 1 жніўня дакладна ўпісалася ў нацыянальны каляндар як сімвал нязломнай прагі свабоды.

«Дзякуючы той барацьбе, мы маем сёння вольную Польшчу, цалкам суверэнную і цалкам незалежную», – адзначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, уручаючы ордэны ветэранам Паўстання.

Як і штогод, роўна а 17:00, у гадзіну «W», па ўсёй Польшчы гучыць сірэна, а ўся краіна замірае на адну хвіліну – пешаходы, машыны, трамваі.

Вось так маладое пакаленне шануе гераічны чын сваіх продкаў, якія толькі маглі марыць аб свабоднай і дэмакратычнай Польшчы. Але, як паказаў час, нягледзячы на паразу паўстання, сімвалы і нацыянальная памяць – гэта таксама моцная зброя.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары